У школе на Гарадзеншчыне дзецям забаранілі карыстацца тэлефонамі пасля запісу роліка пра #загонбрсм
У сеціве з’явілася патаемна знятае аўдыё, як кіраўнікі Карэліцкага БРСМу пераконваюць вучняў школы № 1 горада запісацца ў сваю арганізацыю. Пасля гэтага ў школе забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі, паведамляе Радыё Свабода.

Запіс з сустрэчы кіраўнікоў Карэліцкага БРСМу з вучнямі школы № 1 горада Карэлічы трапіў у рукі журналістаў тэлеканалу «Белсат». Ён быў апублікаваны сёлета 23 лістапада.
На аўдыё чуваць, як першы сакратар раённага камітэту БРСМ Яўген Пархамовіч і сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Кампартыі Беларусі Марыя Бялянава расказваюць навучэнцам пра перавагі арганізацыі і сустрэчу актывістаў з Аляксандрам Лукашэнкам 29 кастрычніка. Як перавага ўдзелу ў БРСМ называлася ў тым ліку магчымасць будаваць БелАЭС у складзе студэнцкіх атрадаў.
Неўзабаве дзецям у школе наагул забаранілі карыстацца тэлефонамі пад подпіс бацькоў. Такое правіла і раней існавала паводле статуту школы, але тады яму не надавалі асаблівай увагі.
Пра гэта Свабодзе расказалі тры крыніцы з Карэлічаў, незалежныя адна ад адной, якія папрасілі сябе не называць.
Паводле іх, прыкладна 1-2 тыдні таму выйшаў загад дырэктара аб забароне вучням карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў школе. Прычым ня толькі на ўроках, але і на перапынках. На бацькоўскіх сходах бацькам далі падпісаць адпаведную паперу са згодай на гэта.
Пры гэтым настаўнікі вусна патлумачылі вучням, што браць тэлефоны ў школу можна, але тыя мусяць быць выключаныя і ляжаць у заплечніках.
Як патлумачылі крыніцы, пры гэтым называлася прычына, звязаная з вучобай, маўляў, дзеці «сядзяць у гаджэтах» нават на ўроках, на перапынках не паспяваюць паўтараць хатняе заданне і атрымліваюць кепскія адзнакі.
Суразмоўцы Свабоды не выключаюць, што забарона можа быць звязаная з аўдыязапісам #загонбрсм. Бо ў карэліцкай школе, кажуць яны, прымушалі дзяцей уступаць у гэтую арганізацыю, удзел мусіў быць абавязковым для ўсіх вучняў старэйшых класаў. Прычына, паводле адной з крыніц, простая — «каб дзеці не курылі, не злоўжывалі алкаголем».
Дырэктарка школы Алена Вярбіцкая адмовілася гаварыць з карэспандэнтам Свабоды, спаслаўшыся на тое, што ў яе нарада, а на пытанне, калі можна будзе пагутарыць, адказала: «Да пабачэння».30 кастрычніка Свабода апублікавала запіс, на якім вучняў адной з класаў 31-й гімназіі Менску пераконваюць уступаць у БРСМ. Голас, падобны да голасу намесніцы дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы Інэсы Ахрамовіч, настойліва рэкамендуе вучням увайсці ў БРСМ, каб ня мець праблемаў пры паступленні ў ВНУ.
Ролік прагледзелі больш за мільён разоў на розных плятформах. І Мінадукацыі, і адміністрацыя школы адмовіліся расследаваць інцыдэнт, паставіўiы пад сумнеў праўдзівасць запісу. Намесніца дырэктара гімназіі № 31, голас якой пазналі на запісе, працягвае працаваць у школе.