У Віцебску ўсталёваўюць «помнік дэсантніку» за грошы з суботнікаў (фота)

Увесь комплекс — скульптура байца паветрана-дэсантных войскаў, памятны знак у форме парашута з дэвізам «Никто, кроме нас» і двума барэльефамі, а таксама каляровая выява блакітнага берэта на дэкаратыўным валуне — каштаваў больш за 100 тысяч долараў, паведамляе «Радыё Свабода».



16fb7d59_6433_4fb6_a3b5_09c75e9e9ff0_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Паводле афіцыйнай інфармацыі, гэта пазабюджэтныя сродкі — грошы, заробленыя віцяблянамі на чарговых і пазачарговых суботніках.

Ініцыятыва «грамадскасці»

 

fc0ee839_f294_4294_9dbd_73e95a62d3a1_w650_r0_s.jpg

Ідэя паставіць помнік дэсантніку ў парку Пераможцаў на вуліцы Калініна належыць ветэранскім арганізацыям — пра гэта два гады таму паведамілі афіцыйныя СМІ. Неабходнасць такога помніка тлумачылі «гістарычнай праўдай» — тым, што ў Віцебску ў савецкі час базавалася 103-я паветрана-дэсантная дывізія, воіны якой першымі ўвайшлі ў Аўганістан, а цяпер тут месціцца 103-я асобная мабільная брыгада.

 

Скульптар Іван Казак

Скульптар Іван Казак


Аўтар помніка — Іван Казак, вядомы віцебскі скульптар. Паводле ягонай задумы, трохметровы бронзавы дэсантнік толькі што прызямліўся: ён яшчэ не адчапіў парашута, але ў яго на галаве ўжо ня шлем для скачкоў, а знакаміты блакітны берэт. Выява парашута — гэта асобны элемент кампазіцыі, які мае два барэльефы — генерала Васіля Маргелава, чыё імя звязана з гісторыяй паветрана-дэсантных войскаў у часы СССР, і ўраджэнца Віцебску генерала-лейтэнанта Івана Лісава.

«Парашут» з сілуміну

«Парашут» з сілуміну

З’яўлення помніка чакалі яшчэ ўлетку

Улады папярэджваюць, што 17 кастрычніка падчас адкрыцця помніка вуліца Калініна будзе перакрыта для транспартнага руху на дзве гадзіны.

Увогуле ж адкрыццё помніка дэсантніку анансавалася і на ліпень 2018 года, і на 2-га жніўня — Дзень ПДВ. Але ўсё адклалася аж да восені, бо бракавала сродкаў на добраўпарадкаванне пляцовак для помніка ў парку Пераможцаў.

 

Побач з помнікам — стылізаваная агароджа

Побач з помнікам — стылізаваная агароджа

Кошт добраўпарадкавання склаў 77 935 рублёў, выраб, транспартаванне і ўстаноўка скульптурнай групы абышліся ў 138 983 рублі 18 капеек, з іх 41 208 рублёў — ганарар скульптара, падлічыў сайт «Народныя навіны Віцебска».

«Скульптурны бум» у Віцебску

​Помнік дэсантніку — гэта ўжо другая скульптура Івана Казака, пастаўленая сёлета ў Віцебску. Улетку на вуліцы Суворава быў урачыста адкрыты памятны знак «Віцебскі волат» у гонар тутэйшага ўраджэнца Фёдара Махнова; яго таксама зрабіў Іван Казак.

 

Усталяванне скульптуры Фёдару Махнову ў Віцебску, 20 чэрвеня 2018 году

Усталяванне скульптуры Фёдару Махнову ў Віцебску, 20 чэрвеня 2018 году

Сярод работ віцебскага скульптара — кампазіцыя ў памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, помнік Уладзімеру Караткевічу і памятны знак Аляксандру Пушкіну, некалькі твораў у жанры гарадзкой скульптуры: «Доктар Айбаліт», «Вулічны клоўн», «Кандуктар». І «Залатая рыбка» — скульптурная выява, якая спарадзіла ў горадзе спрэчкі пра мастацкія вартасці помнікаў апошняга часу.

У Віцебску апошнімі гадамі назіраецца «скульптурны бум», але некаторыя лічаць, што скульптурныя выявы, якія ня маюць дачынення да гісторыі гораду, толькі псуюць аблічча абласнога цэнтру, і што грошы, якія трацяцца на гэта, варта выкарыстоўваць на больш неабходныя аб’екты. Улады настойваюць, што гораду неабходны як мінімум яшчэ адзін помнік — княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск. Некаторыя навукоўцы аспрэчваюць гэты факт, шмат хто з жыхароў лічыць непатрэбным ушаноўваць «чужую» для гораду княгіню, але пра ўстаноўку гэтага помніка вядзецца ўжо, як пра вырашаную справу.

www.svaboda.org