У Віцебску затрымалі грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко і ксяндза Віктара Жука
Айца Аляксея затрымалі каля гандлёвага цэнтру «GREEN» прыблізна а 15.30.
Ён паспеў патэлефанаваць жонцы і паведаміць, што супраць яго распачатая справа паводле артыкула 23.34 КаАП. Ёсць звесткі, што разам з ім затрыманы ксёндз Віктар Жук, які 3-га снежня ездзіў на суд да ксяндза Віктара Барка, абвінавачанага ў прапагандзе нацысцкай сімволікі. У чым вінавацяць затрыманага Віктара Жука, пакуль не вядома.
Аляксей Варанко, паводле сведак, сёлета ў верасні браў удзел у акцыях мірнага пратэсту. Таксама ён сярод падпісантаў звароту вернікаў да ўладаў з патрабаваннямі спыніць гвалт і правесці новыя выбары. Але за што канкрэтна супраць яго распачалі адміністрацыйную справу, высветліцца толькі на судзе. Суды над затрыманымі чакаюцца заўтра, але заканадаўства дазваляе трымаць іх за кратамі да суду да 72-х гадзін.
racyja.com