У Віцебску знялі з паказу спектакль, у якім распавядаецца пра барацьбу з тыраніяй
21 лістапада ў Віцебску адбылася прэм'ера пастаноўкі «Ціль» аб адважным і знаходлівым правадыру гёзаў, якія змагаліся супраць тыраніі, а сёння спектакль ужо здымаюць з афіш, пішуць «Народныя навіны Віцебска».
Гэтая пастаноўка мастацкага кіраўніка тэатра Міхаіла Краснабаева паводле п'есы Рыгора Горына, заснаванай на рамане Шарля дэ Костэра, рыхтавалася да 95-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
У аснове згаданага рамана ляжыць вядомы сярэднявечны эпас пра легендарнага Ціля Уленшпігеля, які ў ліку паўстанцаў змагаўся супраць іспанскай тыраніі.
У нядзелю, 21 лістапада, адбылася ўрачыстая прэм'ера, на
якую было запрошана кіраўніцтва горада і вобласці, а таксама прысутнічаў
міністр культуры Беларусі.
Не зразумела, якую крамолу ўбачылі чыноўнікі ў спектаклі,
але, паводле крыніц «ННВ», пастаноўку знялі з паказаў, а дырэктара
тэатра выклікалі ў сталіцу.
Пацвярджэннем таго, што спектакль «Ціль» трапіў у
няміласць, стала тое, што ён пачаў знікаць з афіш. На сайце kvitki.by
прадаваліся квіткі на гэтую пастаноўку на 11 снежня, але цяпер паведамляецца пра адмену спектакля. У афішы самога тэатра на гэты дзень зараз ужо няма ніякіх
спектакляў.