У Віцебску зноў затрымалі Барыса Хамайду

Міліцыя забірае ў яго беларускія кнігі, якія ён распаўсюджваў каля так званага «сіняга дома», піша «Радыё Рацыя».

2021_11_19_lipka_hamajda_f1_833x400.jpg


У райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёна найстарэйшаму віцебскаму апазіцыянеру паведамілі, што будуць правяраць выданні на «экстрэмізм». Затрыманне адбылося каля поўдня ў цэнтры Віцебска каля дома №28 па вуліцы Леніна. На тым самым месцы, куды распаўсюднік беларускага друку прыходзіць штодня.
На думку Барыса Хамайды, усё робіцца дзеля таго, каб ён не выходзіў да людзей і не прапагандаваў беларушчыну:
— Напачатку забіралі сімволіку, бел-чырвона-белы парасон. І нарэшце я дачакаўся: забіраюць беларускамоўную літаратуру. Кажуць, што ў ёй нібыта ёсць фашыстоўская сімволіка, і кнігі забіраюць для вывучэння. Я пытаюся, ці доўга будуць вывучаць. Адказваюць, што будзе нейкая экспертыза, можа, месяц, можа, паўгода, можа, год.
 Барыс Хамайда і яго «выспа свабоды» ў цэнтры Віцебска даўно сталі гарадской славутасцю. Апазіцыянер пачаў выходзіць на гэтае месца яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, даўней тут ладзіліся пікеты, тут можна было набыць незалежную прэсу. «Працоўнае месца» распаўсюдніка аздаблялі бел-чырвона-белы парасон і вышыванкі. Усё гэта было канфіскавана цягам апошняга года. Але Барыс Хамайда кажа, што не пакіне гэтае месца, нават калі ў яго канфіскуюць усё да рэшты: ён будзе прыходзіць сюды з раскладным крэслам і проста размаўляць з людзьмі.