У Жабінцы за абразу Лукашэнкі мясцовага жыхара асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі»

У судзе Жабінкаўскага раёна 28 траўня за абразу прэзідэнта да двух гадоў «хатняй хіміі» асудзілі 50-гадовага Аляксандра Яраша. Крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса супраць мясцовага жыхара ўзбудзілі за паведамленне ў Telegram-канале.

tg.png

Згодна з матэрыяламі справы,17 снежня 2020 года Яраш са свайго мабільнага тэлефона «размясціў у адным з Telegram-каналаў паведамленне абразлівага характару. У ім утрымлівалася відавочна негатыўная ацэнка асобы кіраўніка дзяржавы». Паводле версіі абвінавачання, негатыўная ацэнка ў паведамленні прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Да суда Яраш быў пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Яраш чыстасардэчна раскаяўся ў здзейсненым.
У судовых спрэчках дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд пакараць Яраша абмежаваннем волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя. Таксама ў даход дзяржавы быў канфіскаваны тэлефон мужчыны, з якога ён пакінуў паведамленне.

Артыкул 368. Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

1. Публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
2. Тое ж дзеянне, здзейсненае асобай, якая раней была судзімая за абразу або паклёп, альбо злучанае з абвінавачаннем у здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства, — караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Заўвага. Пад абразай у гэтым артыкуле, артыкулах 369, 391 і 444 гэтага Кодэкса маецца на ўвазе наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме.
spring96.org