У Жодзіне міліцыянт ударыў жанчыну. Цяпер яе будуць судзіць
Сёння, 23 кастрычніка, у Жодзінскім гарадзкім судзе адбудзецца судовае разбіральніцтва па адміністрацыйным працэсе ў дачыненні да Наілі Гусаковай. Яна абвінавачваецца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 13 верасня. У гэты дзень яе ўдарыў у твар супрацоўнік міліцыі з такой сілай, што яна ўпала.
13 верасня жыхарка Жодзіна Наіля Гусакова была на стаянцы ля гандлёвага цэнтра «Элегант» па сваіх справах. Пачула крыкі людзей, падумала, што яе дапамога можа спатрэбіцца. Падышла да міліцыянта, пачала здымаць на тэлефон. Потым перавяла камеру ў бок, і праз некалькі секунд атрымала моцны ўдар у твар ад іншага супрацоўніка міліцыі, які стаяў у баку.
У той жа дзень, дрэнна сябе адчуўшы, Наіля звярнулася ў бальніцу. Пакуль запаўнялі дакументы, праходзіў агляд, лекар патэлефанаваў у ГАУС.
— Потым мне ўжо патэлефанавалі адтуль і папрасілі прыехаць. Я дачакалася адваката, і мы паехалі. У мяне прынялі заяву ў аддзеле Следчага камітэта. І ўзялі тлумачэнне ў ГАУС, — распавядала EX-PRESS.BY Наіля.
Наіля затрыманая не была, пра ўжыванне сілы яе ніхто не папярэдзіў. У міліцыі пракаментавалі сітуацыю: супрацоўнік ужыў сілу «для самаабароны і затрымання». СК на тры месяцы падоўжыў праверку па гэтым факце.