У Беларусі пачалі прымаць дакументы на цэнтралізаванае тэставанне
На асноўны дзень дакументы прымаюць з 2 мая па 1 чэрвеня. Для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень абітурыенты змогуць зарэгістравацца з 27 чэрвеня па 1 ліпеня.
«Не з’явіцца на тэст абітурыент можа выключна па ўважлівай прычыне. У гэтым выпадку здаць прапушчаны экзамен можна будзе ў рэзервовы дзень», — паведаміў міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч, перадае БЕЛТА.
Графік правядзення цэнтралізаванага тэставання, спіс устаноў адукацыі, якія ажыццяўляюць прыём дакументаў, а таксама арганізуюць правядзенне выпрабаванняў, зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі ад 9 красавіка.
ГРАФІК ПРАВЯДЗЕННЯ ЦТ
Усе тэсты пачынаюцца ў 11.00.
14 чэрвеня — беларуская мова
15 чэрвеня — руская мова
17 чэрвеня — грамадазнаўства
19 чэрвеня — біялогія
20 чэрвеня — матэматыка
22 чэрвеня — гісторыя Беларусі
23 чэрвеня — хімія
24 чэрвеня — фізіка
25 чэрвеня — сусветная гісторыя найноўшага часу
27 чэрвеня — замежныя мовы
28 чэрвеня — геаграфія
Рэзервовы дзень — 5 ліпеня ( субота).
У абласцях для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень неабходна будзе прайсці рэгістрацыю ў адным з ВНУ — Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларуска-Расійскім універсітэце, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце або Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога.