У Беларусі выкананы трэці смяротны прысуд за бягучы год
Асуджаны да смяротнага пакарання жыхар Гомеля Аляксандр Груноў расстраляны.
Пра гэта ПЦ «Вясна» стала вядома 4 лістапада ад яго маці Вольгі Груновай.
Вольга Грунова распавяла праваабаронцам, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка «да запатрабавання». У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры
смяротнікаў мінскай турмы Валадаркі.
Днём раней праваабаронцам стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.
Нагадаем, у красавіку былі расстраляныя 23-гадовы студэнт Павел Сялюн і 45-гадовы Рыгор Юзэпчук. На сённяшні дзень праваабаронцам вядома пра яшчэ аднаго асуджанага, які чакае выканання
прысуду, — 54-гадовага Эдуарда Лыкава.
spring96.org