У Даўгаўпілс паедуць электрычкі
Магчыма праз пэўны час з Полацка ў даўгаўпілс будуць хадзіць электрычкі. Ва ўсялякім разе Беларуская і Латвійская чыгункі дамовіліся аб супрацоўніцтве па электрыфікацыі напрамку Полацк — Даўгаўпілс, паведамляе БелаПАН

Паводле інфармацыі прэс-цэнтра БЧ, асноўнымі мэтамі дакумента з'яўляюцца павышэнне экалагічнай бяспекі і канкурэнтаздольнасці чыгуначнага транспарту, развіццё інфраструктуры прыгранічных
участкаў на напрамку Полацк — Даўгаўпілс.
Пагадненнем прадугледжана стварэнне сумеснай рабочай групы па каардынацыі планаў і тэрмінаў сумесных дзеянняў па электрыфікацыі напрамку Полацк — Даўгаўпілс, узгадненні аб'ёмаў
грузапатоку і варыянтаў цягавага абслугоўвання. У перспектыве рабочай групе трэба будзе падрыхтаваць план-графік рэалізацыі мерапрыемстваў, згодна з якім кожны з бакоў будзе самастойна рэалізоўваць
яго на сваёй тэрыторыі.
"Рэалізацыя гэтага пагаднення мае добрыя перспектывы і будзе садзейнічаць развіццю транспартнага патэнцыялу і знешняму гандлю Беларусі і Латвіі", — зазначае прэс-цэнтр
БЧ.