У гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі адбылася акцыя з заклікам быць беларусамі, а не камуністамі
7 лістапада актывісты "Альтэрнатывы" зладзілі ў цэнтры Мінску акцыю "Будзь беларусам!".
У раёне Нямігі быў арганізаваны пікет, дзе мінакам раздаваліся стужкі з узорамі нацыянальнай вышыўкі, а таксама ўлёткі з інфармацыяй аб іх значэнні. Актывісты заклікалі мінакоў пазначаць сваю
беларускасць з дапамогай адпаведных стужак на сваёй вопратцы, сумках ды заплечніках.
"У чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі мы вырашылі заклікаць нашае грамадства не кланяцца камуністычным тыранам, а быць беларусамі, якія шануюць сваю нацыянальную старажытную
гісторыю і традыцыі, ганарацца мовай і культурай. Стужка — гэта персанальны патрыятычны адказ усім рэжымам, гэта павага нашых народных традыцый, любоў да сваёй Радзімы, — каментуе
ідэю акцыі лідар "Альтэрнатывы" Алег Корбан.
Распаўсюд улётак са стужкамі прайшоў без эксцэсаў і выклікаў цікавасць сярод мінакоў.
Акцыя прайшла паспяхова, энергічна і пазітыўна. Многія мінакі з ахвотай чаплялі на сябе атрыманыя стужкі, адказвалі арганізатарм па-беларуску.