У Гомелі можа знікнуць гістарычны цэнтр горада

У Гомелі гарадскія ўлады пераглядаюць генплан развіцця горада, у выніку чаго можа незваротна змяніцца гістарычны цэнтр. На скрыжаванні вуліц Садовая і Арцёма, дзе зараз знаходзіцца забудова пачатку ХХ стагоддзяў, можа паўстаць квартал шматпавярховікаў.



1310.jpg

Паводле архітэктара Сяргея Ляпіна, каштоўнасць гэтага ўчастка горада разумелі нават у савецкія часы:

— Дадзены ўчастак з’яўляецца буфернай зонай да гомельскага парка, ён займае вельмі прыгожае месца на высокім беразе. Гэты квартал у межах вуліцы Садовая і Арцёма да таго ж яшчэ часткова забудаваны гістарычнымі будынкамі пачатку 20 стагоддзя, якія маюць cтатус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гледзячы на ўсе гэтыя фактары архітэктарам неяк хапала сумлення гэты кавалак зямлі пакідаць на будучыню.

У якасці альтэрнатывы праекта забудовы шматпавярховымі будынкамі ў ваколіцах вуліцы Арцёма гомельская грамадскасць прапаноўвае ідэю квартала гістарычнай забудовы, дзе былі б сабраныя лепшыя ўзоры традыцыйнай драўлянай архітэктуры. Гэты раён з гістарычнай назвай Свісток мог бы стаць прывабным для турыстаў, а таксама патэнцыйных інвестараў.

"Радыё Рацыя"