У Гомелі пачалося паўторнае слуханне справы Аляксандра Грунова

26 лістапада ў Гомельскім абласным судзе пачалося паўторнае слуханне крымінальнай справы аб жорсткім забойстве студэнткі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Скарыны Наталлі Емяльянчыкавай. У здзяйсненні злачынства абвінавачваецца 25-гадовы Аляксандр Груноў.



hrunou.jpg

Раней Гомельскі абласны суд прыгаварыў яго да вышэйшай меры пакарання, аднак судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі 22 кастрычніка адмяніла смяротны прысуд і накіравала справу на перагляд.
Груноў абвінавачваецца ў тым, што 20 верасня 2012 года з-за крыўды нанёс не меней 102 нажавых удараў Емяльянчыкавай, ад чаго яна памерла на месцы.
Паўторны працэс вядзе намеснік галавы Гомельскага абласнога суда Анатоль Тозік, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 14 лістапада з дакладам генпракурора Аляксандра Канюка, выказаўся з нагоды гэтай рэзананснай справы. 
«Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакаранне павінны быць адпаведнымі. Вазьміце гэта на кантроль, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — У адваротным выпадку мы ніколі не навядзем парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпературу ў грамадстве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку».