У гомельскай бібліятэцы адкрываецца тыфлакуток для слабавідушчых і невідушчых

3 снежня, у Міжнародны дзень інвалідаў, у Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна адкрываецца тыфлакуток ("тыфла" — ад грэчаскага "typhlos" — "сляпы") для слабавідушчых і невідушчых.  



image012.jpg

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкама, тыфлакуток складаецца з машынкі, якая чытае, і кампутарнага абсталявання, што аснашчана праграмай JAWS for Windows Screen Reading Software, якая дае магчымасць доступу ў інтэрнэт.

Устаноўленае абсталяванне дазваляе счытваць інфармацыю з экрана ўслых, забяспечвае доступ не толькі да друкаванага тэксту, але і да электронных дакументаў, інтэрнэт-рэсурсаў. Машынка SARA СЕ — новае пакаленне аўтаномнай машыны для невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў, яна аўтаматычна скануе і чытае друкаваны матэрыял на 18 мовах. Для слабавідушчых ёсць магчымасць падключэння да манітору для павелічэння памеру шрыфту, а таксама падключэння да дысплэю Брайля. У камплектацыю машынкі ўваходзіць бібліятэка класічнай літаратуры — больш за 200 кніг.

Скарыстацца паслугамі новага абсталявання змогуць жыхары Гомеля і Гомельскай вобласці — для гэтага ім трэба будзе запісацца ў бібліятэку.

Алена Германовіч, БелаПАН