У Гродна ўпершыню прайшоў турнір па стрыт воркаўту (фота)
Каб паспаборнічаць у турніры, Гродна наведалі спартоўцы з Мінску, якія для пашырэння руху падарожнічаюць па ўсёй Беларусі. Са свайго боку, усе жадаючыя гродзенцы мелі магчымасць паказаць свае дасягненні і прыняць удзел у спаборніцтвах на турніку і брусах.
Моладзевы турнір прысвечаны здароваму ладу жыцця. Са слоў удзельніка Вадзіма Зялёнкі, Гродна — гэта ўжо сёмы горад па ліку.
Вадзім Зялёнка распавёў:
— Мы ўжо наведалі многія гарады, у прыватнасці, Бярозу, Ружаны, Гомель, Бабруйск, Асіповічы, Вілейку і вось дабраліся да Гродна. Наступны горад —Віцебск. Я актыўна займаюся гэтым год. Гэта модны моладзевы накірунак. А насамрэч, гэта нашы родныя турнікі і брусы, якія ў нас былі заўсёды. Для таго, каб займацца, трэба толькі жаданне. Турнікі і брусы ёсць практычна ў кожным двары. Гэта аматарскі спорт. Ён не прафесійны, тут няма ніякіх абмежаванняў. У нас былі і дзеці, і сталыя мужчыны.
Стрыт воркаўт (з анг. “вулічная трэніроўка”) як рух узнік у ЗША ў 2008 годзе, у якасці даступнай альтэрнатывы заняткам у дарагіх фітнэс-клубах. На дадзены момант, паводле ацэнак актывістаў руху, у Беларусі ўжо больш за 10 000 маладых людзей займаецца гэтым вулічным спортам.
Фота Савелія
Малчанава