У Гродне адбудзецца вечарынка «з рускім душком»

Хлопцам з бародамі ды дзяўчатам з косамі начны клуб абяцае бясплатны ўваход.



raszkavany_u_harodni.jpg

Вечарына анансаваная на суботу 6 верасня ў клубе «Alphacentauri». У чым яе «рускасць»? Увесь вечар маюць іграць расейскія хіты 1980-2000-х, за стойкай — стаяць «исконно русские бармены», меню таксама — «русское». У праграме ёсць і загадкавы «настоящий русский трактор», прызначэнне якога арганізатармі не раскрываецца.
Фішка вечару — бясплатны ўваход барадатым хлопцам ды дзяўчатам з косамі. Цікава, чаму менавіта гэтыя азнакі былі ўзятыя за «рускія»? Заплеценыя косы — традыцыйны элемент абсалютнай большасці еўрапейскіх культураў, у тым ліку беларусаў, а бароды — азнака хутчэй мусульманаў альбо служыцеляў культу РПЦ…
Зрэшты, дадзеныя сімвалы — рэкламныя ўмоўнасці.
Вечарынкі «з рускім душком», на жаль, не навіна нават для Заходняй Беларусі. Напрыклад, у скідзельскім моладзевым цэнтры Jam увесну «Русская дискотека» прыпадала акурат на 26 красавіка — гадавіну Чарнобыльскай катастрофы. Аднак у час расійскай агрэсіі ва Украіне ўвесь гэты балаган выглядае паўдуркавата.
Алесь Кіркевіч, nn.by