У Ізраільскім культурным цэнтры ўзнагародзілі праведнікаў свету

Цырымонія, прысвечаная Дню Катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства і ўзнагароджанню граматамі і медалямі "Праведнік народаў свету" беларускіх грамадзян, якія ратавалі яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны, адбылася ў Мінску 28 красавіка.



1396518879_izrail_flag.jpg

Мерапрыемства было арганізаванае Ізраільскім культурным цэнтрам пры пасольстве Ізраіля ў Беларусі.
 

Падчас цырымоніі ганаровыя госці па традыцыі запалілі шэсць свечак у памяць пра шэсць мільёнаў забітых яўрэяў у гады Халакосту.
 

Намеснік кіраўніка місіі і консул пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Анна Бен Эзра, запальваючы сваю свечку, зазначыла: "Сёння мы спыняем гадзіннікі, спыняем ход нашага жыцця для таго, каб памятаць кожнага загінулага і нагадваць свету пра тое, як па-зверску былі перарваныя лёсы мільёнаў ахвяраў Халакосту толькі таму, што яны былі яўрэямі".
 

"І сёння час да часу гучаць небяспечныя галасы нянавісці, антысемітызму. Мы, Дзяржава Ізраіль, абавязаны не ігнараваць гэтыя галасы. Мы будзем змагацца з імі і перамагаць. І Халакост ніколі не паўторыцца", — заявіла яна.
 

Другую свечку запаліў Уладзімір Ламека, намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь. Ён заявіў: "У гэты хвалюючы і жалобны дзень цяжка гаварыць. Большасць тут, напэўна, належаць да пакалення, якое, дзякуй богу, не бачыла вайны. Але для нас, для нашага шматнацыянальнага, шматканфесійнага грамадства Рэспублікі Беларусь, для кожнага — вайна ў нашай генетычнай памяці".
 

"Гісторыя нас усіх павінна вучыць, на жаль, яна не вучыць. Мы бачым, што сёння ўсходнеславянскія народы ў такой сітуацыі. Сітуацыя ва Украіне і ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі гавораць пра тое, што трэба прыкладаць усе намаганні, усім і кожнаму, каб такія трагедыі нідзе і ніколі не паўтараліся", — дадаў Ламека.
 

Паводле яго слоў, той факт, што ў Беларусі жывуць звыш 700 праведнікаў свету, характарызуе дзяржаву: "Гэта адказ на пытанне, як нашы продкі перамаглі такую страшную фашысцкую машыну. Мы заўсёды былі моцныя сваім духоўным адзінствам, і гэта адзінства мы павінны берагчы".
 

Апрача таго, былі ўручаны медалі "Праведнік народаў свету" і ганаровыя дыпломы нашчадкам дзевяці беларускіх грамадзян, якім пасмяротна было прысуджана гэтае званне за ратаванне яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны.
 

Штогод, 27 нісана (гэты месяц па яўрэйскім календары) Дзяржава Ізраіль і яўрэі ўсяго свету адзначаюць Дзень Катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства. У гэты дзень у 1944 годзе паўстала Варшаўскае гета, гэта было найбуйнейшае яўрэйскае выступленне супраць нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.
 
Арцём Шрайбман, БелаПАН