У Лідскім раёне другі год будуюць музей вікінгаў. Хутка адкрыццё

Фірму “Панямонскае гарадзішча” зарэгістравалі тры сябры, што цікавяцца рэканструкцыяй ІХ–ХІІ стст., у прыватнасці эпохай вікінгаў. З вясны мінулага году яны будуюць на беразе Нёмана ля Бярозаўкі сядзібу і карабель. Першыя турысты змогуць гэта пабачыць ужо праз месяц.



get_imgea6ru0lq.jpg

Павел Дарафей, Дзмітрый Вараноўскі і Аляксей Карандзей ужо пабудавалі на месцы старай згарэўшай некалі хаты новы сядзібны дом, бяседку і частакол з вежай (год таму праязджаючы побач можна было пабачыць іх напалову скончанымі). Іх “музей вікінгаў” размесціцца на плошчы 15 сотак. Яшчэ два гектары энтузіясты плануюць атрымаць ад мясцовых улад — калі тыя дадуць згоду, пачнецца будова цэлай крэпасці.

get_img?ImageId=40191

Галоўны будынак дастаткова сучасны ў плане архітэктуры і тэхналогіі пабудовы, а вось частакол і вежа зробленыя згодна з тым, як будавалі у сярэднявеччы. Гэтак, над гонтавым дахам працавалі пяць месяцаў.

На тэрыторыі паселішча можна пабачыць ужо гатовыя нос і карму карабля. Баявая ладдзя вікінгаў мае атрымацца 14 метраў даўжынёй. Яна будзе цалкам прыдатнай для падарожжаў па вадзе — хлопцы адмыслова выбіралі бераг, з якога можна будзе зручна запусціць карабель на ваду. У планах рэканструктараў пабудаваць цэлую калекцыю розных тыпаў лодак.

get_img?ImageId=40192

Першых гасцей сядзіба вікінгаў зможа прыняць ужо праз месяц. Заманьваць кліентаў плануюць стравамі і пітвом (напрыклад, медавухай), касцюмамі, паказамі баёў і фаер-шоў, а таксама рэканструкцыяй рамёстваў. У гападароў ёсць і міжнародныя сувязі — да іх у госці нядаўна прыязджалі ісландцы.

get_img?ImageId=40193

Энтузіясты эпохі вікінгаў аб’яднаныя ў клубе “Хротгар”. Хлопцы займаюцца рэканструкцыяй побыту балтаў-жыхароў Панямоння да стварэння ВКЛ. Нешматлікія звесткі пры тыя часы бяруць з прац гарадзенскага гісторыка Сяргея Піваварчыка. Археалагічныя дадзеныя дазваляюць казаць пра тое, што вікінгі бывалі на нашых землях — па Нёману праходзіла адно з адгалінаванняў знакамітага шляху “з варагаў у грэкі”.

www.t-styl.info

Здымкі vk.com/hrotgar_association