У Мінску адзначылі Дзень Волі

Мінск, 25 сакавіка. Апазіцыя і прыхільнікі дэмакратычных перамен традыцыйна адзначылі Дзень Волі, дату абвяшчэння БНР (25 сакавіка 1918 года). Нягледзячы на дрэннае надвор'е, з дажджом і моцным ветрам, у шэсці і мітынгу ўзялі ўдзел, паводле розных ацэнак, ад трох да чатырох тысяч чалавек.



ed77eab0b8ff85d0a6a8365df1846978.jpg

Мінск, 25 сакавіка. Апазіцыя і прыхільнікі дэмакратычных перамен традыцыйна адзначылі Дзень Волі, дату абвяшчэння БНР (25 сакавіка 1918 года). Нягледзячы на дрэннае надвор'е, з дажджом і моцным ветрам, у шэсці і мітынгу ўзялі ўдзел, паводле розных ацэнак, ад трох да чатырох тысяч чалавек.
Акцыя была санкцыянавана гарадскімі ўладамі і, згодна з папярэдняй інфармацыяй, прайшла без інцыдэнтаў. Міліцыя на чале з намеснікам начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігарам Яўсеевым суправаджала дэманстрантаў на працягу ўсяго шэсця ад будынка Нацыянальнай акадэміі навук да парку Дружбы Народаў і, паводле слоў відавочцаў, паводзіла сябе карэктна.
БелаПАН асвятляў падзеі ў рэжыме рэальнага часу:
13.00. На пляцоўцы каля будынка прэзідыума акадэміі навук пачынаюць збірацца ўдзельнікі акцыі з нагоды Дня Волі. Сабралася прыкладна 100 чалавек. Актывісты кампаніі "Рок-Салідарнасць" раздаюць каляндарыкі і значкі са сваёй сімволікай. Разгорнуты бел-чырвона-белы сцяг.
Супрацоўнікі міліцыі агароджваюць пляцоўку перад акадэміяй навук металічнымі турнікетамі. Каля будынка прэзідыума знаходзяцца як мінімум тры аўтазакі і адзін міліцэйскі аўтобус, два мікрааўтобусы з зацемненымі шыбамі, а таксама некалькі машын ДАІ.
Супрацоўнікі міліцыі дзяжураць у падземным пераходзе каля станцыі метро "Акадэмія навук" і на самой станцыі.
У парку Дружбы Народаў пляцоўка для правядзення мітынгу таксама агароджаная турнікетамі. Тут таксама дзяжурыць міліцыя.
13.20. Каля акадэміі навук сабралася ўжо прыкладна 500 чалавек. Некаторыя трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Перыядычна выкрыкваюць лозунг "Жыве Беларусь!". Сярод вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў — Віктар Івашкевіч, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Колас.
13.30. Група маладых людзей падняла плакаты з назвай сайта міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія), а таксама выявамі Аляксандра Лукашэнкі і Муамара Кадафі. Група ўдзельнікаў спявае гімн "Магутны Божа".
13.35. Да прысутных звярнуўся адзін з арганізатараў акцыі Уладзімір Колас. Ён павіншаваў усіх са святам і паведаміў, што шэсце да парку Дружбы Народаў пачнецца ў 14.00, а не ў 13.30, як планавалася раней.
Затым перад будынкам акадэміі навук пачаўся імправізаваны мітынг. Зараз выступае сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух" Віктар Івашкевіч.
13.50. Удзельнікі шэсця скандуюць "Свабоду палітвязням!" і "Жыве Беларусь!". Арганізатары папрасілі дружыннікаў, якія забяспечваюць правапарадак, сабрацца на вуліцы Сурганава, а ўдзельнікаў акцыі — фармаваць калону для шэсця, што павінна пачацца ў 14.00.
13.55. Івашкевіч абвясціў пра пачатак акцыі. На гэта людзі скандавалі "Верым! Можам! Пераможам!", а таксама "Свабоду Саннікаву! Свабоду Бандарэнку! Свободу Каваленку!". Удзельнікаў — каля 4 тысяч чалавек, яны трымаюць плакаты "Свабоду палітвязням!", "Лукашэнка — гэта тупік", "Дзе мае 500 долараў?".
Уладзімір Колас заклікаў прысутных быць цывілізаванымі, рухацца ў кірунку да плошчы Бангалор па ходніках. Івашкевіч кіруе дружынай. Цяпер фармуецца калона, якае рушыць да плошчы Бангалор.
14.00. Шэсце да месца правядзення мітынгу пачалося. Як зазначыў Уладзімір Колас пасля размовы з намеснікам начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігарам Яўсеевым, міліцыя "нас беражэ і абяцае спрыяць руху". Калона рушыць у бок плошчы Бангалор з воклічамі "Жыве Беларусь!".
14.07. На пляцоўцы каля акадэміі навук практычна нікога з дэманстрантаў не засталося. Станцыя метро "Акадэмія навук" зачыненая, цягнікі на ёй не спыняюцца. Тым часам надвор`е пагоршылася: пайшоў дождж з мокрым снегам, узмацніўся вецер.
14.20. У пачатку калоны дэманстрантаў ідуць Колас з Івашкевічам. З`явіўся таксама лідар Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. З боку праезнай часткі ўдзельнікаў шэсця суправаджаюць супрацоўнікі міліцыі на чале з Яўсеевым, яны кіруюць рухам дэманстрантаў пры перасячэнні праезнай часткі. Калона колькасцю больш за 4 тысячы чалавек расцягнулася прыкладна на 200—300 метраў па вуліцы Сурганава. Людзі скандуюць лозунгі "Жыве Беларусь!" і "Свабоду палітвязням!".
Паводле наяўных звестак, альтэрнатыўнага шэсця ў кірунку Кастрычніцкай плошчы няма.
14.40. Канец калоны дэманстрантаў пераходзіць скрыжаванне вуліц Якуба Коласа і Сурганава, у той час калі першыя шэрагі дэманстрантаў ужо падыходзяць да плошчы Бангалор. Усе вуліцы ўдзельнікі шэсця перасякаюць выключна на зялёнае святло, з-за чаго калона так і расцягнулася.
Да дэманстрантаў далучылася група актывістаў ЛГБТ-руху з рознакаляровымі сцягамі.
14.48. Мітынг можа прайсці без гукаўзмацняльнай апаратуры. Як паведаміў адзін з арганізатараў Вацлаў Арэшка, была дасягнутая дамоўленасць пра арэнду спецыяльнай машыны з гукаўзмацняльнай тэхнікай, аднак міліцыя прыняла рашэнне адагнаць яе ў Савецкае РУУС для надгляду. Арэшка таксама паведаміў, што за арэнду машыны адной з дзяржарганізацый было заплачана 100 долараў. Арэнда павінна пачацца ў 15.00. Калі ўладзіць пытанне з апаратурай не атрымаецца, арганізатарам давядзецца весці мітынг з дапамогай гучнагаварыцеляў.
14.50. Каля ўніверсама "Рыга" ад удзельнікаў шэсця аддзяліліся прадстаўнікі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія). Яны абвясцілі, што не пойдуць на плошчу Бангалор і завяршаюць свой удзел у акцыі.
15.10. Апошнія дэманстранты падыходзяць да месца правядзення мітынгу. Месца вакол канцэртнай пляцоўкі ў парку Дружбы Народаў, дзе павінен прайсці мітынг, агароджанае металічнымі турнікетамі. Міліцыя прапускае ўдзельнікаў акцыі ў некалькіх месцах праз металашукальнікі. Некаторыя адмаўляюцца праходзіць гэтую працэдуру і сыходзяць з парку.
15.15. Пачаўся мітынг. На плошчы Бангалор знаходзяцца каля дзвюх тысяч чалавек, але людзі яшчэ падыходзяць. Як заявіў, адкрываючы мітынг, Уладзімір Колас, абвяшчэнне БНР — "вельмі значная дата ў гісторыі, якая павінна святкавацца на дзяржаўным узроўні". "Гэтая дата з`яўляецца вянцом пабудовы Беларуссю сваёй уласнай дзяржавы", — сказаў ён.
Мастак Алесь Марачкін зачытаў прывітальнае слова старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
15.20. Жонка віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі Алена, выступаючы на мітынгу, заклікала Аляксандра Лукашэнку праявіць хрысціянскую міласэрнасць і вызваліць усіх палітвязняў. Яна выказала надзею на тое, што неўзабаве будуць вызваленыя ўсе палітзняволеныя, у тым ліку яе муж, які галадае ў рэспубліканскай турэмнай бальніцы ў знак пратэсту супраць вынесенага яму прыгавору. Алена Каваленка паведаміла, што пры сустрэчы з ёй Сяргей казаў: Дзень Волі — гэта святое свята для Беларусі. Ён заклікаў адзначыць яго пад бел-чырвона-белымі сцягамі. На мітынгу прысутнічае каля 3 тысяч чалавек.
15.30. Выступіў Уладзімір Халіп, член каманды экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і бацька яго жонкі Ірыны. Ён выказаў надзею, што падобна сонцу, у Беларусь хутка прыйдзе свабода. "Не чакайце дапамогі ні з Усходу, ні з Захаду, дапамога прыйдзе знутры краіны", — перакананы Уладзімір Халіп. Ён заклікаў прысутных думаць над тым, як сустрэць наступнае 25 сакавіка ў вольнай краіне.
15.35. Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у сваім выступе зазначыў, што за апошнія два дзясяткі гадоў беларуская мова і нацыянальная сімволіка яшчэ ніколі не знаходзілася пад такім націскам, як сёння. "Ніколі яшчэ Беларусь не была так блізка за час праўлення Лукашэнкі да страты незалежнасці. Нас спрабуюць уцягнуць у Еўразійскі саюз, які можа знішчыць і беларускую дзяржаўнасць", — сказаў палітык.
У сваю чаргу лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што ўлады спрабуюць навязаць народу "незразумелую ідэалогію". "Але ў нас няма ніякай іншай ідэі, акрамя нацыянальнай. Вакол яе мы і павінны аб`яднацца. Мы хочам, каб Беларусь была народнай і незалежнай, а не кланавай", — заявіў Мілінкевіч.
15.40. Палітык Віктар Карняенка заклікаў удзельнікаў мітынгу далучацца да кампаніі назірання за парламенцкімі выбарамі, што маюць адбыцца. Паводле слоў палітыка, цяпер існуе шмат меркаванняў пра фармат удзелу ў выбарах — "удзельнічаць у іх ці байкатаваць іх". "Аднак няма дыскусіі аб тым, што гэтыя выбары зноў будуць сфальсіфікаваныя. Таму наша задача — не дапусціць фальсіфікацыі народнага волевыяўлення і любым спосабам праз палітычныя партыі, праз грамадскія арганізацыі, выставіць сваіх назіральнікаў, каб зафіксаваць фальсіфікацыі", — заявіў Карняенка. Яго словы выклікалі негатыўную рэакцыю ў прысутных, многія з якіх пачалі свістаць і скандаваць "Байкот!".
15.45. Экс-кандыдат у прэзідэнты, адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі ў сваім выступленні заявіў: "Сёння рэжым Лукашэнкі мае толькі адну зброю — страх. Сёння мы гаворым шмат прыгожых слоў, у той час як у турмах гінуць беларусы". Ён заклікаў байкатаваць парламенцкія выбары.
Услед за ім выступіў Віктар Івашкевіч. "Улады хочуць уцягнуць нас у псеўдавыбары", — заявіў ён. Палітык прапанаваў удзельнікам мітынгу прагаласаваць за байкот выбараў. "Байкот рэжыму! Байкот выбарам! Той, хто пойдзе на гэтыя выбары, той ніякі не дэмакрат, а прыслужнік рэжыму", — заявіў Івашкевіч.
15.48. Мітынг скончыўся. Аб`яўляючы яго закрытым, Уладзімір Колас падзякаваў прысутным за тое, што яны прыйшлі на акцыю, нягледзячы на дрэннае надвор`е і застрашванні ўладаў. "Тое, што нас тут шмат, дае надзею, што ў Беларусі будзе незалежная будучыня", — перакананы старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі.
15.50. У гутарцы з журналістамі Віктар Івашкевіч станоўча ацаніў праведзеную акцыю. "Я шчаслівы, што ў Беларусі і ў Мінску тысячы людзей гатовы адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю", — сказаў ён. Палітык паведаміў, што затрыманняў падчас акцыі не было. Магчыма, таму, што "калі нас шмат, гэта стварае своеасаблівы бар`ер для праваахоўных органаў", выказаў меркаванне Івашкевіч. Ён задаў пытанне: ці не сорамна тым людзям, якія назіралі за акцыяй праз інтэрнэт, але самі не прыйшлі?
16.00. Удзельнікі мітынгу разышліся. Міліцыя збірае турнікеты і рамкі металашукальнікаў. Каля канцэртнай пляцоўкі ў парку Дружбы Народаў практычна нікога не засталося.

Сяргей Каралевіч, Сяргей Пульша, Антон Тарас, БелаПАН.