У Мінску пахавалі загінулых у авіякатастрофе хакеістаў

У суботу і нядзелю ў сталіцы Беларусі хавалі чальцоў хакейнай каманды “Лакаматыў (Яраслаўль), якая амаль у поўным складзе загінула ў авіякатастрофе 7 верасня. Хакеісты ляцелі ў Мінск на першую ў новым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі гульню з мясцовым “Дынама. Амаль адразу пасля ўзлёту ЯК-42 абрынуўся, пахаваўшы пад сабою 43 чалавекі.



e7d4c8d4fe04d9b4539a075d809c6d01.JPG

У суботу і нядзелю ў сталіцы Беларусі хавалі чальцоў хакейнай каманды “Лакаматыў (Яраслаўль), якая амаль у поўным складзе загінула ў авіякатастрофе 7 верасня. Хакеісты ляцелі ў Мінск на першую ў новым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі гульню з мясцовым “Дынама. Амаль адразу пасля ўзлёту ЯК-42 абрынуўся, пахаваўшы пад сабою 43 чалавекі.
10 верасня Мінск развітваўся з зоркай беларускага і сусветнага хакею, капітанам нацыянальнай зборнай краіны Русланам Салеем. Развітацца з легендаю беларускага спорту прыйшлі больш за дзесяць тысяч чалавек. Народу было так шмат, што доступ да труны, якая была ўстаноўлена ў лядовым палацы хакейнага клубу “Юнацтва ў парку імя Горкага, падоўжылі на гадзіну, да 16.00.
Людзі неслі вянкі, кветкі і свечкі, ускладалі іх да закрытай труны загінулага. Развітацца з сябрам з-за акіяну прыляцеў яшчэ адзін славуты хакеіст — гулец каманды Нацыянальнай хакейнай лігі “Таронта Міхаіл Грабоўскі. “Я дагэтуль не магу павераць, што Руслана больш няма. Катастрофа, што адбылася ў Яраслаўлі, сталася трагедыяй не толькі для еўрапейскага хакея, але і для амерыканскага, — адзначыў Міхаіл Грабоўскі. На пахаванні з Амерыкі прыляцела жонка Руслана Бэтэн і старэйшая шасцігадовая дачка Алексіс.
Выносілі труну Руслана Салея под гукі вайсковага аркестра ды працяглыя апладысменты многіх соцень людзей, якія знаходзіліся ля хакейнага палацу “Юнацтва. Пахавалі слыннага хакеіста на Усходніх (Маскоўскіх) могілках побач з магілаю славутага “песняра Уладзіміра Мулявіна.
У нядзелю прайшло развітанне з 21-гадовым хакеістам Сяргеем Астапчуком і 31-гадовым трэнерам па фізпадрхтоўцы “Лакаматыву Мікалаем Крываносавым. Труна з целам Астапчука была ўстаноўлена ў рытуальнай зале спецкамбінату КБА на вуліцы Альшэўскага. Сюды прыйшлі сотні людзей, каб аддаць апошнюю даніну памяці і павагі маладому і вельмі таленавітаму хакеісту. Найцяжэй перажывала страту сына маці — жанчыну некалькі разоў літаральна заносілі на руках у машыну “хуткай дапамогі, дзе медыкі прыводзілі яе ў прытомнасць. Дапамагаць давялося і нявестцы Сяргея, якая прыляцела на пахаванне з Масквы. 
Крыху раней прайшло развітанне з Мікалаем Крываносавым. Па жаданню сям’і труна з яго целам знаходзілася ў іх кватэры па вуліцы Піянерскай. Пахавалі абодвух хлопцаў побач адзін з адным на Кальварыйскіх могілках Мінску. Таксама як напярэдадні і Руслану Салею, ім аддалі  вайсковыя ўшанаванні.
Светлая Вам памяць, хлопцы…

Вайскоўцы нясуць труну з целам Руслана Салея

Канца калоны людзей не было відаць

Міхаіл Грабоўскі не можа паверыць у гібель сябра

Пахавальная працэсія маладога хакеіста

Пахавальная працэсія


Развітанне з Сяргеем Астапчуком

Развітацца з легендай прыйшлі маладыя хакеісты

Старшыня БФХ Яўген Ворсін паабяцаў турнір памяці Руслана Салея

Труну з целам  Сяргея Астапчука ставяць у катафалк

Тут была ўстаноўленая труна з целам Руслана Салея