У Магілёве будуць судзіць ахоўніка крамы «777», які назваў «фашысцкай» газету «Новы час»

Суд прызначаны на 10-00 у чацвер 8-га студзеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва. Пра гэта паведаміў магілёўскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ (КХП-БНФ) Віктар Чарабухін.



pravasuddze.jpg

Актывіст адзначае, што ўжо даволі доўгі час з’яўляецца распаўсюднікам незалежнага выдання ў Магілёве, мае на гэта адпаведную даверанасць. У краме «777» ён таксама пакідаў ахоўнікам газету, але 5-га лістапада 2014 года ён не змог паразумецца з новым ахоўнікам, які проста выпхаў яго з крамы і прыгразіў, што калі яшчэ раз убачыць яго каля крамы з газетамі, то задушыць яго.
— Гэта быў новы ахоўнік. Ён назваў газету «Новы час» фашысцкай, а мяне БНФаўцам. Схапіў мяне, пачаў душыць. У мяне былі дробныя ссадзіны, — кажа Віктар Чарабухін.
8-га лістапада актывіст КХП-БНФ выклікаў участковага, якому распавёў пра інцыдэнт і напісаў адпаведную заяву ў міліцыю. Па выніках апытання ахоўніка крамы інцыдэнт, які меў месца, пацвердзіўся. На ахоўніка склалі пратакол. Ахоўніка крамы «777», якая размешчана па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве цяпер абвінавачваюць па трох артыкулах, сярод якіх «Хуліганства» і «Абраза». 
spring96.org