У Магілёве памёр журналіст Генадзь Суднік
Раніцай у суботу з Магілёва прыйшла жалобная навіна... У ноч з 23 на 24 пайшоў з жыцця ў выніку цяжкой анкалагічнай хваробы Генадзь Вітольдавіч Суднік.
Усяго некалькі дзён таму спадар Генадзь сустрэў свой 70-гадовы юбілей на бальнічным ложку. Ён вельмі мужна змагаўся з нядугам і да апошняга займаўся прафесійнымі справамі.
Яшчэ ў пятніцу ён пакінуў каментар пад віншавальным матэрыялам на сайце БАЖ:
"Не маючы магчымасці гэтыя 2 дні падысці да кампутара, толькі сёння назапасіў сіл для напісання водгуку, а водгукі эмацыйныя, якімі вы ахуталі мяне гэтыя дні—яны папросту працягнуць маё жыццё (вось убачыце!), дададуць творчых сілаў, умацуюць у святой веры ў дружбу, сяброўства, згуртаванасць на добрай
справе!.. Я люблю вас усіх, каго ведаю. Я люблю вас тых, з кім мне давядзецца пазнаёміцца, каму пашчасціць дапамагчы звычайным словам, хоць цяпер трэба будзе ставіцца як да мудрага слова.. Але мы так
рабіць не будзем яшчэ... Так гэтак годзікаў праз 70... А што тут—рукой падаць, ды яшчэ з такімі калегамі і сябрамі.
ДЗЯКУЙ!
HS"
Горка смуткуем разам са сваякамі і сябрамі спадара Генадзя. Вечная яму памяць...
Паводле baj.by