У Магілёве пяць жыхароў выселенага дома пачалі галадоўку

Такім чынам яны выказваюць пратэст супраць чыноўнікаў і суддзяў, якія ігнаруюць іх незаконнае высяленне з кватэр у інтэрнат.



mahiliou_haladouka.jpg

У Магілёве пяць жыхароў дома 59 па вуліцы Ленінскай пачалі бестэрміновую галадоўку. Да крайняй меры іх падвяла бяздзейнасць і абыякавасць чыноўнікаў да іх праблемы. Перапіска з дзяржструктурамі цягнулася больш за год, аднак так і не дала ніякага выніку.
Пра пачатак галадоўкі магілёўцы пісьмова паведамілі ў Магілёўскі гарвыканкам, аблвыканкам, пракуратуру Магілёўскай вобласці, Генеральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта.  
На пачатку 2014 года з дома 59, дзе пражылі чатыры пакаленні грамадзян, ўсіх жыхароў экстранна перасялілі ў інтэрнат будаўнічага трэста №12. Дом, у якім яны жылі, спецыяльная камісія пры гарвыканкаме прызнала аварыйным.
Жыхары выселенага дома падкрэсліваюць, што ў 60-70-х гадах яны атрымалі ордэры на кватэры. У 2007 годзе будаўнічы трэст №12 шукаў інвестараў, каб вылучыць ім новыя кватэры. Аднак у 2009 годзе падчас судовага пасяджэння раптам стала вядома, што дом не з’яўляецца домам, а мае статус інтэрната. Тады чыноўнікі проста хацелі выкінуць грамадзян на вуліцу, аднак яны адстаялі сваё права на пражыванне ў доме.
У 2015 годзе чыноўнікі давалі адказы, што дом 59 ад самага пачатку быў інтэрнатам. Аднак усе іх адказы спасылаюцца на дакументы, якія адносяцца да дома 61, што некалі стаяў побач і меў статус інтэрната. Цяпер на месцы таго дома знаходзіцца ліцэй Беларуска-расійскага ўніверсітэта. А тэхпашпарт дома 59 па вуліцы Ленінскай загадкава знік.
Нагадаем, што ў Гомелі падобная гісторыя нядаўна скончылася трагічна. У "выкладчыцкім доме", які перавялі ў статус інтэрната, павесілася адна з жыхарак.
euroradio.fm