У Магілёве прадпрымальніца праз суд адстаяла права працаваць у гандлёвым цэнтры "Прэстан"

Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці абавязаў уладальнікаў гандлёвага цэнтра "Прэстан" СТАА "Стрынгаграсэрвіс" працягнуць дагавор арэнды з індывідуальнай прадпрымальніцай Людмілай Крыловіч.



preston.jpg

Нагадаем, працягваць дагавор арэнды з Крыловіч арэндадаўцы адмовіліся ў канцы 2011 года. На думку прадпрымальніцы, такім чынам яна была пакарана за актыўную абарону правоў і інтарэсаў арандатараў, якія здымаюць гандлёвыя плошчы на другім паверсе "Прэстана". Тады, у канцы жніўня — пачатку верасня 2011 года, прадпрымальнікі, даведаўшыся аб планах перадачы гэтых плошчаў пад арэнду расійскай гандлёвай сеткі бытавой тэхнікі "Эльдарада", праводзілі сходы і збіралі подпісы, патрабуючы не дапусціць з імі скасавання дагавораў арэнды. Потым адміністрацыя "Прэстана" заявіла пра адсутнасць планаў па перадачы гэтых плошчаў расіянам.
Як паведаміла БелаПАН Крыловіч, пасля непрацягу дагавора ў снежні 2011 года 15 студзеня 2012 года яе ралет быў перададзены ІП Трыфанавай.
"Абгрунтаванне не працягваць са мной дагавор было заснавана на нежаданні, звязаным з помстай за маю актыўнасць. Я сабрала ўсе дакументы і падала іск у гаспадарчы суд, патрабуючы прызнаць незаконным непрацяг дагавора арэнды арэндадаўцамі. З майго боку ўсе пункты дагавора выконваліся, неабходныя выплаты ажыццяўляліся", — сказала Крыловіч.
Гассуд Магілёўскай вобласці 16 лістапада 2012 года прызнаў, што прадпрымальніца мае рацыю, і абавязаў адказчыкаў перавесці на яе правы і абавязкі па дагаворы арэнды яе былога ралета ў "Прэстане". Акрамя таго, арэндадаўцы мусілі вярнуць Крыловіч 1 млн. рублёў дзяржпошліны.
У сваю чаргу бок адказчыкаў, не згадзіўшыся з рашэннем гаспадарчага суда, падаў 7 снежня 2012 года апеляцыю. "Наш бок ніколі не пацвярджаў факта наяўнасці асабістага прадузятага стаўлення да істца з-за падзей лета 2011 года, а нават наадварот. Актыўная грамадзянская пазіцыя індывідуальных прадпрымальнікаў, не толькі істца, сумесныя нарады арандатараў, арэндадаўцы, прадстаўнікоў адміністрацыі Магілёва дапамаглі знайсці кампраміс і стварыць ўзаемавыгадныя ўмовы для далейшага супрацоўніцтва", — пісаў у апеляцыі дырэктар гандлёвага дома "Прэстан" Васіль Пашурын.
Магілёўскі гаспадарчы суд, разгледзеўшы апеляцыю 4 студзеня 2013 года, пацвердзіў сваё ранейшае рашэнне, якое, згодна з пастановай апеляцыйнай інстанцыі, набыло моц.
Пашурын адмовіўся каментаваць гэтую справу і вынесенае рашэнне. У сваю чаргу Крыловіч, спасылаючыся на Пашурына, паведаміла, што адказчыкі маюць намер падаць скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд. Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН