У Мінску адбылася прэзентацыя "Гільдыі барменаў сталіцы"

Новае грамадскае аб'яднанне — "Гільдыя барменаў сталіцы" — было прэзентавана 6 лютага ў мінскім кафэ Loft. Арганізацыя, створаная ў снежні 2012 года, заклікана спрыяць развіццю гасцінічнага, рэстараннага і барнага бізнесу ў Мінску, а таксама павышэнню прафесійнай кваліфікацыі барменаў.



bar.jpg

"Адна з мэтаў гільдыі — прыбраць "паталок", які дагэтуль існаваў для нашых барменаў, аб'яднаць прафесіяналаў сваёй справы. І мы не толькі гаворым цяпер пра барменаў, але і хочам з'яўляцца сувязным звяном паміж рэстаратарамі, пастаўшчыкамі, барменамі. Я спадзяюся, і з кухарамі будзем сябраваць", — заявіў старшыня аб'яднання, прафесійны бармен Руслан Манулік.


Паводле яго слоў, са стварэннем гільдыі ў беларускіх барменаў з'явілася магчымасць афіцыйна прадстаўляць краіну на міжнародных конкурсах і спаборніцтвах.


Пакуль у новае грамадскае аб'яднанне ўваходзяць дзесяць чалавек. "Членам гільдыі можа стаць любы жыхар краіны, якому споўнілася 18 гадоў. Дастаткова рэкамендацыі аднаго з членаў гільдыі і квітанцыі пра выплату членскага ўзносу", — сказаў Манулік.


Памер гадавога ўзносу складае 50 долараў ЗША ў эквіваленце. "Гэта не такая вялікая сума. Хай гэта будзе нейкім парогам, праз які трэба пераступіць, каб трапіць у гільдыю барменаў", —– дадаў лідар аб'яднання.


У перспектыве сталічная гільдыя плануе атрымаць статус рэспубліканскага грамадскага аб'яднання і стаць членам Міжнароднай асацыяцыі барменаў, якая аб'ядноўвае прафесіяналаў з 55 краін.
У найбліжэйшыя планы гільдыі таксама ўваходзіць распрацоўка прафесійнага кодэкса барменаў. Акрамя таго, пры грамадскім аб'яднанні ствараецца школа барменаў, дзе будзе праводзіцца прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў.


Паводле слоў арганізатара школы Сяргея Трацяка, плануецца, што заняткі першай групы пачнуцца ў маі. Навучанне будзе доўжыцца два месяцы і каштаваць каля паўтара мільёнаў рублёў.
"Класічны курс падрыхтоўкі бармена ўключае расказ аб прафесіі, вывучаюцца метады падрыхтоўкі кактэйляў, падрабязна разглядаюцца ўсе алкагольныя і безалкагольныя напоі, гісторыя іх паходжання, гэта значыць, як іх правільна піць і падаваць, у якім посудзе і гэтак далей", — расказаў Трацяк.


Акрамя тэхнічнага боку прафесіі, удзельнікі заняткаў будуць вывучаць псіхалогію зносін. Дыплом школы будзе выдавацца толькі пасля здачы выпускных іспытаў.


Прэзентацыя ГА "Гільдыя барменаў сталіцы" была прымеркавана да Міжнароднага дня барменаў, які адзначаўся 6 лютага. У кафэ Loft, акрамя журналістаў, прысутнічалі прадстаўнікі рэстараннага бізнесу, вытворцы і імпарцёры алкагольнай і безалкагольнай прадукцыі, бармены. Апошнія актыўна цікавіліся працэсам уваходжання ў гільдыю, а таксама тым, якія перавагі дае членства ў арганізацыі.


Пасля прэзентацыі адбыўся фуршэт, а прафесійныя бармены правялі майстар-класы, удзельнікам якіх мог стаць любы жадаючы.

Вольга Алімава, БелаПАН