У Мінску ў метро праходзіць талоннае абследаванне пасажырапатоку

Талоннае абследаванне пасажырапатоку праходзіць 11 сакавіка ў мінскім метро — з моманту адкрыцця метро і да яго закрыцця. 



adnk4_w631h356.jpg

Кожнаму пасажыру пры ўваходзе на станцыю супрацоўнікі метрапалітэна выдаюць адмысловы рэгістрацыйны талон з нумарам станцыі, на якой увайшоў пасажыр, і нагадваюць аб неабходнасці здаць талон у канцы паездкі.

На талонах на Маскоўскай лініі метро інфармацыя надрукаваная сінім шрыфтам, Аўтазаводскай — чырвоным. Усяго для правядзення абследавання надрукавана 1,2 млн талонаў, паведамляе БелТА.


На графіку руху цягнікоў талоннае абследаванне не адаб'ецца. Праводзіць яго дапамагаюць 1629 супрацоўнікаў метрапалітэна (у іх чырвоныя павязкі). Калі чалавек страціць талон, то ён павінен паведаміць супрацоўніку метрапалітэна станцыю, на якой увайшоў.


Абследаванне праводзіцца для ўдасканалення графіка руху цягнікоў, вызначэння сярэдняй далёкасці паездкі пасажыраў, інтэнсіўнасці пасажырапатоку на ўсіх участках ліній метрапалітэна, а таксама для рэгістрацыі колькасці пасажыраў, якія карыстаюцца перасадачны вузлом "Кастрычніцкая" — "Купалаўская".


Падрыхтоўка да мерапрыемства ішла тры месяцы, вынікі абследавання стануць вядомыя на працягу месяца.


Апошняе талоннае абследаванне пасажырапатоку ў мінскім метро праходзіла ў 2002 годзе.

telegraf.by