У Мінску увечары 2 і 3 мая перакрыюць рух у цэнтры з-за рэпетыцыі парада

Рух па пр.Незалежнасці ад вул.Энгельса да вул.Казлова 2 і 3 мая з 22.00 да 00.00 абмяжуюць. Гэта будзе зроблена ў сувязі з рэпетыцыяй мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня Перамогі.



parad.jpg

Акрамя таго вядома, што салют у гонар Дня Перамогі ў Мінску будзе дадзены адразу з шасці пазіцый і прадоўжыцца 10 хвілінаў.

Кульмінацыяй Дня Перамогі стане традыцыйны святочны салют, які ў 22.00 упрыгожыць неба над абласнымі цэнтрамі Беларусі, а таксама над сталіцай. У Мінску святочныя залпы будуць весціся адразу з шасці пазіцый, якія выбраны з улікам пажаданняў і максімальнай зручнасці гараджан.

Так, агнявая пазіцыя нумар 1 размесціцца ў парку імя 50-годдзя Перамогі на набярэжнай Свіслачы. Агнявая пазіцыя нумар 2 будзе створана на пустцы за 600 м ад вуліцы Прыгараднай. Пазіцыя нумар 3 размесціцца непасрэдна на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1. Пазіцыя агнявой кропкі нумар 4 размесціцца на пустцы ў раёне Чыжоўскіх могілак. Пазіцыя нумар 5 будзе на паўночна-заходнім беразе вадасховішча Дразды. Шостая кропка размесціцца ў парку баявых машын адной з воінскіх часцей у ваенным гарадку ва Уруччы.

“Гарадская забудова нас патроху падціскае. Ёсць пэўная зона бяспекі вакол пускавых установак, у якой не могуць размяшчацца жылыя дамы. Аднак мы пастараліся размясціць пазіцыі такім чынам, каб большасць жыхароў горада змаглі ўбачыць святочны салют з вокнаў сваіх кватэр”, — паведаміў сёння журналістам ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі Анатоль Грыцаў.

Усяго з кожнай кропкі будзе дадзена па 30 залпаў, аднак з улікам таго, што агонь будзе весціся адразу з трох установак — калібру 310 мм, 195 мм і 105 мм — рэальных залпаў будзе 90. Вышыня раскрыцця залпаў складае ад 200 да 500 м. Штогод арганізатары стараюцца падрыхтаваць унікальны паказ, у гэтым годзе будзе запушчана больш за 80 розных найменняў салютаў, да таго ж розных колераў. Ваенны камендант заўважыў, што практычна ні адзін залп не будзе паўтарацца і ў цэлым мінчан чакае вельмі маляўнічае відовішча.

Паводле БЕЛТА