У наведвальнікаў замежных амбасад перапісваюць пашпартныя звесткі
Супрацоўнікі беларускай міліцыі пачалі перапісваць пашпартныя звесткі наведвальнікаў амбасад ЗША, Вялікабрытаніі і Нямеччыны. Пра гэта паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Апошні раз ён сутыкнуўся з такой сітуацыяй пры сустрэчы з дэлегацыяй Дзярждэпартаменту ЗША у амерыканскай амбасадзе.
Фота gorad.by
— Бяруць дакументы, перапісваюць усе звесткі, якія пасля натуральна рэтранслююцца ў КДБ і розныя сілавыя структуры, і гэты чалавек трапляе калі ўжо не ў “чорны спіс",
то ў нейкі “шэры спіс". Псіхалагічна — гэта дыскамфортна. Гэта псіхалагічны ціск на чалавека. Я ўжо не гавару, што гэта за межамі цывілізаванай практыкі.
Такія дзеянні беларускіх уладаў, праўда, не парушаюць Венскую канвенцыю — адзін з асноўных нарматыўна-прававых актаў у галіне дыпламатычнага права, але іх мэта добра зразумелая, кажа
намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “ Вясна Валянцін Стэфановіч, звесткі якога таксама перапісвалі з пашпарта пры наведванні адной з замежных амбасад.
— Я не думаю, што гэтыя дзеянні парушаюць Венскую канвенцыю, таму што гэта тычыцца паўнамоцтваў органаў МУС па ахове замежных амбасад. Яны ж не даглядаюць замежных
амбасадараў і ніякім чынам не дзейнічаюць на тэрыторыі тых жа самых амбасад. Іншая рэч, што ажыццяўляць ахову парадку і бяспекі амбасад можна не перапісваючы грамадзян, якія туды прыходзяць. Я не
думаю, што гэта нейкім чынам спрыяе бяспецы. Мэтай такіх дзеянняў з’яўляецца стварэнне ціску на людзей, якія наведваюць амбасады.
Як распавёў праваабаронца, прадстаўнікі праваахоўных органаў правяраюць і перапісваюць звесткі наведвальнікаў замежных амбасад па просьбе прадстаўнікоў дыпламатычных місій, якія
звярнуліся з адпаведнымі заявамі ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Прычым такая “праверка “ праводзіцца толькі ў наведвальнікаў трох амбасад: ЗША, Вялікабрытаніі і
Нямеччыны. Пра іншыя выпадкі не паведамляецца.
Паводле Беларускае Радыё Рацыя