У Парэччы ўшанавалі Міхала Валовіча
У нядзелю, 14 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830–1833 гадоў супраць Расійскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў.
Каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на могілках Парэчча, адбыўся імправізаваны мітынг, перад пачаткам якога ўдзельнікі прачыталі малітву “Ойча Наш”. Мерапрыемства адкрыў слонімскі гісторык і літаратар Сяргей Чыгрын, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў.
Літаратар і грамадскі дзеяч з Мінска Уладзімір Някляеў дапоўніў Сяргея Чыгрына і выказаў думку, што Міхал Валовіч у свой час быў вялікім рамантыкам, адважным ліцвінам, подзвіг якога заслугоўвае сёння нашай памяці не толькі ў межах Слонімшчыны ці Гарадзеншчыны, але і ўсёй Беларусі.
Пасля Парэчча ўсе ўдзельнікі мерапрыемства завіталі на адну з аграсядзіб Слонімшчыны, дзе працягвалася імпрэза, прысвечаная памяці паўстанцаў 1830–1833 гадоў.
Уладзімір Някляеў чытаў свае патрыятычныя вершы, Таццяна Матафонава-Грыневіч спявала песні на словы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева і іншых аўтараў.