У праваслаўных сёння Дзень Прарока Іллі

Сёння Праваслаўная Царква адзначае памяць вялікага Прарока Іллі, аднаго з найвялікшых старазапаветных святых. Яго імя звязанае з шэрагам народных звычаяў і абрадаў.



llja.png

Ілля па-яўрэйску азначае «Бог мой Яхвэ». Ён жыў у ІХ ст. да нараджэння Хрыстовага ў гады кіравання цара Ахава. Гэта былі гады аднаўлення паганства. Дзякуючы шматлікім цудам Ілля абараніў веру ў адзінага Бога, пасаромеў цара Ахава і яго пераемніка Ахазію. Паводле Бібліі, ён жывым быў узяты на неба. І паводле некаторых, павінен вярнуцца на зямлю, каб памерці натуральнай смерцю.
У мінулым у Іллін дзень катэгарычна забаранялася выконваць якія-небудзь працы. Існаваў шэраг абрадаў, якія засцерагалі дом і гаспадарку ад залеваў, граду і маланак.
Пачынаючы з гэтага дня забаранялася купацца ў рэчках і азёрах, паколькі вада становіцца гнілой ад усялякай нечысці.  На Іллю традыцыйна былі навальніцы. Вось і зараз з паўночнага захаду Беларусі ў паўднёва-ўсходнім кірунку пасоўваецца навальніца.
Народная мудрасць кажа: На Іллю да абеда лета, пасля абеда — восень. Ілля лета сканчае, Ад Іллі сканчаюць кусаць камары, але пачынаюцца халодныя раніцы.
У гэты дзень таксама раней катэгарычна забаранялася працаваць у полі, бо магло забіць маланкай.
nn.by