У школьнай кацельні ў Лагойскім раёне адбыўся выбух: загінуў мясцовы жыхар

24-гадовы мужчына загінуў пры выбуху катла ў кацельні Кастрычніцкай сярэдняй школы ў вёсцы Кастрычнік Лагойскага раёна.



kacielnia.jpg

Паведамленне аб выбуху паступіла выратавальнікам у 8:38 15 лютага ад мясцовага жыхара. Яшчэ да прыбыцця супрацоўнікаў МНС з будынка кацельні было вынесена цела 24-гадовага мясцовага жыхара, смяротна траўмаванага выбуховай хваляй. Цагляны будынак кацельнай, які знаходзіцца прыкладна за трыста мэтраў ад самой школы, у выніку выбуху практычна не пацярпеў — выбіла чатыры шыбы. Пашкоджаны цагляны мур асноўнага катла, які працуе на цвёрдым паліве. Будынак кацельні належыць РУП «Лагойскі камгас».
Як мяркуецца, прычына разрыву катла — парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад (адсутнасць цыркуляцыі вады ў сістэме).
Праца кацельні, як мяркуецца, будзе адноўлена ў 08:00 16 лютага. На час правядзення аднаўленчых работ для забеспячэння цеплазабеспячэння задзейнічана модульная перасоўная кацельня на дызельным паліве.
naviny.by