У Смаленск — як у «Акропаліс». Або на «Калхозку»
У сувязі са страйкамі індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі, якія з-за ўказу № 222 амаль спынілі гандаль, ажывіліся паездкі на закупы за мяжу.

У Смаленск выправілася карэспандэнтка "Радыё Свабода". Жыхары ўсходняга памежжа Беларусі масава едуць на закупы ў смаленскія гандлёвыя цэнтры. Выбар, разнастайнасць, зніжкі — гэта станоўчыя рысы, якія адзначаюць шопінг-турысты. Адмоўная адна — у беларусаў мала грошай.

Купляюць тое, што танней, чым у Беларусі
З Віцебска на закупы ў расейскі Смаленск людзі ездзілі ў розны час — па рознае. Гады тры таму на гуртовым кірмашы ў суседнім расейскім абласным цэнтры жыхары Віцебшчыны куплялі каву, гарбату, алей, іншыя харчовыя прадукты — як для сябе, так і для гандлю: мяхамі, каробкамі, упакоўкамі.
Быў час, калі віцябляне рабілі «налёты» на смаленскія крамы бытавой тэхнікі і прывозілі ўсё, што толькі ўмяшчалася ў рукі, — сокавыціскалкі, мікрахвалёўкі і тэлевізары. Калі ў Расеі таннела гарэлка — ехалі па яе. Ды па ўсё ехалі і едуць — у тым ліку па віцебскі абутак «Марка» або па прадукцыю тутэйшай птушкафабрыкі «Ганна»: у Смаленску беларуская экспартная прадукцыя танней, чымсьці ў беларускай краме.
Сёння новым павевам у шопінг-турызме сталі ваяжы ў смаленскія гандлёвыя цэнтры. Іх арганізуюць і віцебскі аўтапарк, і мясцовыя турыстычныя фірмы, і смаленскае прадстаўніцтва фірмы «Максі». Апошні выпадак адметны: раней паездкі ў аднайменны гандлёва-забаўляльны цэнтр былі бясплатныя, аднак цяпер палітыка змянілася: апошні бясплатны рэйс з Віцебску адбыўся ў мінулую суботу.

Ранішняя адпраўка
Бясплатныя аўтобусы скончыліся
Каб паехаць у «Максі», віцябляне збіраюцца па суботах у 7.30 раніцы на Маскоўскім праспекце, насупраць крамы «Рублёўскі» — бліжэй да выезду ў расейскі бок. Некаторыя едуць ужо не першы раз. Кіроўца тлумачыць: нічога страшнага, цяпер дарога ў два бакі стане хай сабе не бясплатнай, але і не дарагой — усяго 110 тысяч рублёў. Зрэшты, можна выбраць і падыходзячы кошт, і маршрут: аўтобусы на Смаленск адпраўляюцца адзін за адным. Толькі што адправіліся тры, а за імі, у прамежку 10-ці хвілінаў, пасажыраў запрашаюць яшчэ два.
Алена Ганчарова, менеджар турыстычнай кампаніі «Брынг-Ваяж», паспявае і ўладкоўваць пакупнікоў, і адказваць на пытанні:

Алена Ганчарова
«Ці шмат людзей ездзіць? Вы ж бачыце, аўтобусы поўныя. Лепей звяртайцеся загадзя, у пятніцу месцаў ужо амаль не бывае. Што возяць са Смаленска? Ды хто што знойдзе! У Расіі таннейшае золата, нехта вязе бытавую тэхніку, нехта — харчовыя прадукты. Хоць смаляне дзівяцца: маўляў, куды больш якасныя харчы — якраз у Беларусі».
За тры гадзіны — пакуль аўтобус даязджае з Віцебска да Смаленска — ужо паспявае развіднець. У дарозе ўсё часцей сустракаюцца машыны з беларускімі нумарамі, прычым не толькі віцебскімі — бываюць і менскія, і магілёўскія, і нават гарадзенскія.

Смаленск сустракае беларусаў
У горадзе шляхі аматараў шопінгу разыходзяцца: аўтобусы развозяць беларусаў па розных гандлёвых цэнтрах. Самыя папулярныя — «Галактыка», «Максі» і харчовы гіпермаркет «Лінія». Апошні знаходзіцца непадалёк ад чыгуначнага і аўтавакзалаў, і частка пакупнікоў — тыя, хто дабіраецца ў Смаленск грамадскім транспартам. Сюды ёсць два шляхі: або аўтобусам, які каштуе дарагавата, або «перакладнымі» прыгараднымі цягнікамі: з Віцебска да Рудні, а потым з Рудні да Смаленска, або з Воршы да Краснага і з Краснага ў абласны цэнтр.
«Галактыка» на месцы ільнокамбіната
Гандлёвы цэнтр «Галяктыка» добра знаёмы беларусам: ён працуе ўжо трэці год. Пра першапачатковае прызначэнне гэтага будынка ў форме літары «П» сведчыць памятная шыльда са словамі «Аб’ект культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння» — гэта былы галоўны корпус смаленскага ільнокамбіната, пабудаванага ў 1932–1936 гадах. Цяпер тут пад тры дзясяткі фірмовых крамаў — Terranova, Reserved, LoveRepublic, House, CroppTown ды іншыя.
Суайчыннікі шпарка выбягаюць з аўтобусаў, і ад размоваў на тэму «Што хочаце тут набыць?» катэгарычна ўхіляюцца. Расійскія гандляры таксама адмаўляюцца ад прапановаў даць інтэрвію, але ў прыватных размовах адзначаць, што беларусаў па выходных прыязджае вельмі шмат. І што купляюць усё запар, асабліва калі ёсць зніжкі,— верагодна, каб потым прадаць або падарыць знаёмым.

Гандлёвы цэнтр «Галактыка»
Насамрэч, даволі шмат наведнікаў з Беларусі ў крамах ювелірных вырабаў, а таксама ў краме расейскай сеткі па продажы парфумерыі і касметыкі «Л’Этуаль». Вабіць беларусаў і харчовы гіпермаркет «Карусель» — да такой ступені, што праз пару гадзінаў пасля адкрыцця некаторыя паліцы застаюцца ўвогуле пустыя.
Беларусаў тут большасць
На паркоўцы каля гандлёвага цэнтру, апрача аўтобусаў — пераважная большасць беларускіх аўто. Людзі прыязджаюць сем’ямі, нешта прымяраюць, абмяркоўваюць набыткі. Жанчын сярод пакупнікоў значна больш, чым мужчын. Дзе-нідзе ў размовах чуваць «Тут хоць жыць можна, а ў Беларусі такога няма» і «Мой мне грошы прывёз, а цяпер зноў працаваць у Маскву паехаў».
З крамы выходзяць дзве спадарыні — адна сярэдняга веку, другая пенсіянэрка. У руках — пару пакетаў і сумкі з прычэпленымі флікерамі — адметная дэталь, якая дазваляе беспамылкова вызначыць беларусаў.
«Тут кошты амаль як у нас, хоць аформлена крама куды прыгажэй», — кажа старэйшая. І здзіўляе працягам: «А ў нас грошай мала, мы прыехалі Смаленск проста паглядзець. З гэтым аўтобусам атрымліваецца танней, чымсьці самім ехаць з аўтавакзала. Карацей, мы на экскурсію!»

Успенскі сабор — на гары за «Галактыкай»
Галоўная смаленская адметнасць — Успенскі сабор — добра відаць ад гандлёвага цэнтру. А час, каб паглядзець тутэйшыя помнікі архітэктуры, сапраўды можна знайсці: аўтобусы спыняюцца каля розных гандлёвых цэнтраў на некалькі гадзінаў, і галоўнае — паспець сесці ў яго ці для пераезду ў іншае месца, ці ўжо да выезду.
Выключэнне — хіба толькі «спецрэйс» у гандлёвы цэнтар «Максі». Той самы, які да нядаўняга часу быў бясплатны. Зрэшты, і гэта ўмоўна: за паездку грошай сапраўды не бяруць, але ёсць умова: у «Максі» трэба набыць тавараў не менш як на адну тысячу расейскіх рублёў. На беларускія гэта каля 290 тысяч. Квіткі пакупнікі захоўваюць, а перад ад’ездам супрацоўнік «Максі» іх фатаграфуе.
Прынамсі, так было да гэтай суботы, распавёў кіроўца аўтобуса Юры:

Кіроўца Юры
«Пакуль так, а што будзе далей — хто ж ведае. Можа, гэта такі быў рэкламны ход. Бо набываць тавары ў „Максі“ насамрэч выгадна, калі ёсць зніжкі. Эканомія атрымліваецца відавочная: асабліва калі замовіць сабе нешта па інтэрнэце. Глядзіце: лыжы замовілі, зніжка з пары — 600 рублёў, дзве пары — ужо 1 200 рублёў, а за тое, што прыехалі і самі забралі — яшчэ 300 тысяч рублёў зніжка. Купляюць усё. Прамысловыя тавары ў асноўным, а ёсць і харчовы маркет „Лента“, там дысконтныя карты, і таксама вельмі добрыя зніжкі. Дужа задаволеныя людзі крамай „Спортмастер“. Такіх у Беларусі няма, а тавары якасныя і недарагія. Парадак у нас такі: прыязджаем каля 10-й раніцы, а ў Віцебск ад’язджаем а 17-й гадзіне. Шмат часу, кажаце? А людзі наадварот — скардзяцца, што яшчэ і мала!»
Выбар: «Максі» ці «Калхозка»
«Тут як у Еўропе, — захоплена гаворыць дзяўчына свайму спадарожніку, сядаючы ў машыну з менскімі нумарамі. — Як у «Акропалісе» або ў «Озасе».
Адзінае, што дужа істотна зніжае «еўрапэйскі» ўзровень «Максі» — гэта адсутнасць «абменнікаў» валюты. Ехаць на шопінг даводзіцца, папярэдне набыўшы расійскія рублі ў патрэбнай колькасці. Зрэшты, колькасць для многіх вызначаецца не патрэбамі, а выключна фінансавымі магчымасцямі.
«Эх, былі б грошы! Набылі па дробязях таго-сяго, а хацелася б і таго, і сяго», — жартуе спадарыня, трымаючы некалькі каробак з абуткам.
Пакупнікі не дужа хочуць хваліцца набыткамі. А гандляры гэтаксама, як і ў «Галактыцы», адмаўляюцца ад інтэрв'ю, спасылаючыся на распараджэнне начальства. Што да колькасці беларускіх пакупнікоў, то яна ў апошнія пару месяцаў расце, адзначаюць у крамах.

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Максі»
«Вядома, будзе расці. Бо нашых прадпрымальнікаў «душаць», і мы ў Смаленск неўзабаве будзем ездзіць ужо не толькі па сукенкі — гарнітуры, а па танныя майткі і шкарпэткі. І ўжо не ў «Максі» за «лэйблам», а на «Калхозку», — кажа спадар, заходзячы ў аўтобус з надпісам «Западная губерния». Гэта наваполацкая транспартная фірма, якая раней вазіла на шопінг у Вільню і Беласток, адкрыла новы маршрут — у Смаленск.
«Калхозка» — гэта прастамоўная назва Калгаснай плошчы, уздоўж якой цягнуцца шэрагі вулічных кірмашоў. Тут гандаль вядзецца зусім не па-еўрапейску. Запылены абутак на стэлажах, накрытых вылінялай цыратай, побач бялізна і шкарпэткі кітайскай вытворчасці, верхняе адзенне, прадавачкі якога хапаюць мінакоў за рукавы, прыгаворваючы «паглядзіце, якія курткі, зіма-вясна, усе памеры ёсць, і нядорага». Навокал — маленькія крамкі, шапікі з піражкамі ды чабурэкамі, тут жа гандлююць зялёнай цыбуляй, жывым карпам і венікамі для лазні.
Канешне, тут нецывілізавана. Але спрэчна: ці нашмат лепей — апусцелыя беларускія кірмашы і вымушанае памкненне віцяблян паехаць на закупы ў Смаленск ды пакінуць свае грошы ў іншай краіне?

Амаль што спрэс — землякі