У Варшаве праходзіць Усходнееўрапейская канферэнцыя
Беларуская тэматыка абмяркоўвалася ў часе міжнароднай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце. Гэта дзясятая Усходнееўрапейская канферэнцыя пад назвай “Праз бар’еры”. Удзел у ёй прымаюць і беларускія апазіцыйныя палітыкі, між іншымі, Аляксандр Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч і Андрэй Саннікаў.
Фота uw.edu.p
У першы дзень канферэнцыі сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, які прадстаўляе Беларускую аналітычную Майстэрню, гаварыў пра фармаванне беларускай ідэнтычнасці:
— Ідзе фарміраванне гэтай ідэнтычнасці, і яно ідзе ў такім сэнсе не культурніцкім, а ў сэнсе дзяржаўніцкім. Зараз дамінуе не тое, што арыентацыя на Усход ці на Захад, яна хістаецца, а галоўная арыентацыя на самастойную незалежную Беларусь, можа нават без усялякіх там аб’яднанняў і саюзаў.
Андрэй Вардамацкі распавёў пра вынікі праведзеных апытанняў. Паводле іх, 25–30 адсоткаў рэспандэнтаў робяць выбар або на карысць Расіі, або на карысць Еўразвяза. Затое 70–75% апытаных выказваюцца за незалежніцкую Беларусь.
Міжнародная канферэнцыя “Праз бар’еры” працягне сваю працу яшчэ два дні, якія будуць прысвечаныя ўкраінскай і расійскай тэматыцы адпаведна.
Яна Запольская,Беларускае Радыё Рацыя