У Маршы аўтаноміі Сілезіі прынялі ўдзел 4 тысячы чалавек
Марш прыхільнікаў аўтаноміі Сілезіі спрабавала сарваць група сябраў Лігі абароны суверэнітэту.
Па вуліцах сталіцы Верхняй Сілезіі, гораду Катавіцы, прайшло шэсце ў падтрымку аўтаноміі рэгіёну. У маршы ўзялі ўдзел чатыры тысячы чалавек.
Удзельнікі шэсця неслі жоўта-блакітныя сцягі Верхняй Сілезіі, транспаранты з надпісамі: «Аўтаномія 2020», «Сілезія як Баварыя». І скандавалі: «Аўтаномія!», «Верхняя Сілезія!».
«Мы верым, што наш марш за аўтаномію Верхняй Сілезіі перарасце неўзабаве ў супольны марш за Польшчу рэгіёнаў», — заявіў на маршы старшыня «Руху аўтаноміі Сілезіі» Ежы Гажэлік.
Паводле арганізатараў, у суботнім маршы ўзялі ўдзел прадстаўнікі іншых рэгіёнаў краіны: Вялікапольшчы, Падляшша і Памор'я.
Марш прыхільнікаў аўтаноміі Сілезіі спрабавала сарваць група сябраў Лігі абароны суверэнітэту, якая скандавала: “Ідзе пятая калона!”