Учора ўвечары ў «двары пераменаў» затрымалі двух мясцовых жыхароў. Даведаліся, дзе яны цяпер
Увечары ў панядзелак на «Плошчу пераменаў» на Чарвякова прыходзілі акцёры Купалаўскага тэатра, у двары быў традыцыйны суседскі вечар. Калі людзі сталі разыходзіцца, прыехалі некалькі мікрааўтобусаў з людзьмі ў чорнай форме і цывільным. Дваіх жыхароў, Ягора і Васіля, затрымалі. Цяпер яны ў Цэнтральным РУУС, распавялі іх блізкія.

Затрыманыя — жыхары дома па Смаргоўскага тракту, 1. Гэта Ягор і Васіль, абодва — айцішнікі. Паводле інфармацыі іх блізкіх, мужчыны ўсю ноч правялі ў Цэнтральным РУУС, там яны і цяпер.
— Да нас у двор прыязджалі артысты Купалаўскага тэатра — распавядае Кацярына, жонка Ягора. — Выступленне скончылася каля 22.00, я змерзла і пайшла дадому. Ягор сказаў, што застанецца ў двары — дапаможа прыбраць апаратуру. Потым напісаў, што яго затрымалі ў двары, потым — што прывезлі ў Цэнтральнае РУУС.
Жыхары двара распавядаюць, што на Чарвякова прыехалі мікрааўтобус і легкавое аўто, адтуль выйшлі людзі ў чорнай форме і ў цывільным.

Ягор
— Хлопцы ніякага супраціву не аказвалі — гэта відаць на відэа, іх затрымлівалі пяць-шэсць чалавек. Іх пасадзілі ў машыну і павезлі — распавядае Кацярына.
Надзея, жонка затрыманага Васіля, разам з суседзямі цяпер знаходзіцца ля Цэнтральнага РУУС. Пакуль невядома, што інкрымінуюць жыхарам двара і чаму яны знаходзяцца не на волі.

Васіль
— Гэта бязмежжа, што людзей вось так могуць затрымаць ва ўласным двары, — кажа Надзея.
Паводле tut.by