Удава Аляксандра Тарайкоўскага: Я буду змагацца за імя майго мужа і дзеля справядлівасці

Выканаўца абавязкаў начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Віталь Мірашнічэнка даў адказ на чарговую скаргу Алены Герман — удавы Аляксандра Тарайкоўскага, забітага 10 жніўня 2020 года ў Мінску падчас масавых акцый пратэсту.

Алена Герман, фота tut.by

Алена Герман, фота tut.by

У чарговы раз жонка забітага  прасіла следства прадаставіць копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, правесці службовую праверку ў дачыненні да службовых асоб Следчага камітэта, а таксама вярнуць родным рэчы, у якіх Аляксандр Тарайкоўскі знаходзіўся ў момант сваёй гібелі.

db5d563d34a587ce6ca06a27c94ecffa.jpg


Алена Герман мае намер змагацца за імя свайго мужа, пра што паведаміла «Беларускаму партызану».
— Гэты адказ яшчэ раз пацвердзіў, што мне не прадаставяць ніякай інфармацыі па факце забойства майго мужа Аляксандра Тарайкоўскага. Выканаўца абавязкаў начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Віталь Анатольевіч Мірашнічэнка паведаміў мне, што калі я напішу яшчэ раз скаргу, то са мною спыняць перапіску.
Ён спасылаецца на тое, што ў раней дадзеных мне адказах яго падначаленыя супрацоўнікі матывіровачна адказалі на ўсе мае пытанні, у тым ліку і датычна правядзення службовай праверкі ў дачыненні да следчага Ганчарука і яго начальніка Матолькі.
Я не прашу іх раскрываць таямніцу следства, але любы следчы скажа, што я маю рацыю, калі патрабую азнаёміць мяне з пастановай аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Тым больш, я спасылаюся на пэўныя старонкі закона, а мне адказваюць, што не паложана, пры гэтым не спасылаюцца на закон.
А з рэчамі наогул незразумела: з якой мэтай яны пакінулі іх пры матэрыялах праверкі, калі не збіраюцца распачынаць крымінальную справу? Зразумела, што яны баяцца, што я даведаюся прозвішча супрацоўніка міліцыі, які страляў у майго мужа. Але ж я маю права як пацярпелая ведаць гэтую інфармацыю па законе!
Я маю права абскардзіць любое дзеянне следчага, але як я магу зрабіць гэта, калі мае законныя патрабаванні ігнаруюць?
Мірашнічэнка прапануе мне ісці ў суд, калі я не згодная з іх рашэннямі. Яны не ўяўляюць, як гэта цяжка — весці ўсю перапіску з імі. Ім не зразумець, паколькі яны не гублялі блізкіх людзей.
Чаму да мяне ставяцца як да пракажонай, з нейкім недаверам? Няўжо складана са мною сустрэцца, паказаць матэрыялы праверкі, растлумачыць прычыну адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і ўзяць з мяне падпіску пра неразгалошванне таямніцы следства?
Вядома, я буду па меры сіл змагацца за імя майго мужа і дзеля справядлівасці.