«Удзячныя» аднавяскоўцы абрабавалі падворак Ігара Случака і Аліны Нагорнай
Пра гэта Ігар Случак напісаў на сваёй старонцы ў Фейсбуку.
“Калі мы былі вымушаны з'ехаць са свайго дому, домік некаторы час стаяў спакойна і чакаў нас. — напісаў Ігар. — Але праз некаторы час мясцовыя жыхары, нашыя родныя сяляне, для якіх мы зрабілі дарогі, чыстую ваду, добрае напружанне ў электрасетках, бяспечныя пераходы, пазбавілі вёску ад дзесяцігоддзямі накіданых гор смецця, аб чыім жыцці мы клапаціліся падчас кавіду, наогул спрабавалі рабіць нешта добрае, вырашылі нам за гэта ў выніку аддзячыць”.
Як распавядае Случак, зразумеўшы, што хутка яны не вернуцца, спачатку аднавяскоўцы “пакралі з падворку ўсе металічныя рэчы і, самае крыўднае, самаробны мангал. Пасля чарга надыйшла да гаспадарчых пабудоваў — з іх таксама павыносілі ўсё, што больш-менш металічнае. Прайшло яшчэ крыху часу, і чарга дайшла да плоту з сеткі Рабіцы — яго таксама знеслі”.
“Але што я пішу — пра гэта яшчэ 100 год таму напісаў Сіланпяя ў сваёй "Праведнай галечы", што апісвала жыццё фінскіх сялянаў і за якую ён атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. І гэта пакідае спадзеў, што праз час і ў нас будзе як у Фінляндыі і мангал быў спі&жаны і пераплаўлены ў "Белджы" недарма", — дадае Ігар.
Але пры гэтым моўны актывіст лічыць, што “галоўнае працаваць з гэтымі і іншымі людзьмі, нават калі яны гэтага зараз не хочуць і зараз гэта ім не патрэбна”.
Нагадаем, што абаронцы беларускай мовы і актывісты з-за пастаяннага пераследу і пільнай увагі правахоўнікаў былі вымушаныя з'ехаць з уласнага дома. Тым не менш яны дасюль змагаюцца за выкананне «Закону аб мовах», а таксама Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.