Уладальнікі акумулятарнага завода ў Брэсце не пусцілі групу актывістаў на прыём грамадзян

12 студзеня каля поўдня ў Брэсце на плошчы Леніна чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага заводу, піша Свабода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.

akb_2_logo_1.jpeg

Як паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Уладзімера Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было больш за 80 чалавек. Міліцыя праз мэгафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за несанкцыянаваную акцыю.
Людзі, што прыйшлі на плошчу, абмяркоўвалі арганізаваны 9 студзеня прадстаўнікамі кампаніі 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць таварыства з абмежаванай адказнасцю «АйПаўэр», прыём грамадзян, куды не змагла трапіць група праціўнікаў акумулятарнага заводу.
Як паведаміў БелаПАН актывіст Андрэй Мілашэвіч, да офісу кампаніі «АйПаўэр» прыйшлі 15 актывістаў. Яны хацелі разам зайсці на прыём, каб задаць падрыхтаваныя пытанні, але ўсю групу ў кабінэт не пусцілі на той падставе, што памяшканне малое. Па адным актывісты адмовіліся заходзіць і ў Кнізе прапаноў і заўваг напісалі сваю прапанову арганізаваць паўнавартасную сустрэчу з грамадскасцю да 14 студзеня.
На думку Мілашэвіча, спецыялісты кампаніі не былі гатовыя сустрэцца з групай актывістаў і адказваць на падрыхтаваныя імі пытанні.
Упершыню акцыя пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Брэста адбылася два гады таму, 5 студзеня 2018 году. Тады пратэстоўцы сабраліся ля будаўнічай пляцоўкі заводу побач з вёскай Тэльмы. На наступны дзень, 6 студзеня, пачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва гэтага заводу.