Улады Рэчыцы адказалі на петыцыю супраць вуліцы ў гонар чэкіста Міцкевіча
Рэчыцкі райвыканкам адказаў на петыцыю супраць перайменавання вуліцы і завулка паэта Адама Міцкевіча ў гонар чэкіста Яўгена Міцкевіча, піша «Радыё Свабода».
Што адбылося?
Рэчыцкі раённы савет дэпутатаў 5 красавіка перайменаваў вуліцу і завулак, якія раней насілі імя славутага паэта Адама Міцкевіча, у вуліцу і завулак Яўгена Міцкевіча — савецкага вайсковага дзеяча.
Што адказалі ў райвыканкаме?
У Рэчыцкім раённым Савеце дэпутатаў патлумачылі, што была выпраўлена тэхнічная памылка, зробленая ў 1959 годзе. Аказваецца, у 1959 годзе ў Рэчыцы вуліцу Міцкевіча называлі ў гонар чэкіста, а не паэта, і цяпер выправілі гэтую «памылку». Пры гэтым ужываўся тапонім «вуліца Міцкевіча», а імя чалавека, у гонар якога назвалі вуліцу, не ўдакладнялася.
Падпісаў адказ на петыцыю намеснік старшыні Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Горбач.