Улады ўхвалілі працэдуру дазволу грамадзянам на выезд для сталага пражывання за мяжу

Выехаць з Беларусі на сталае месца жыхарства за мяжой цяпер можна будзе з дазволу ўладаў, піша «Свабода».

_belarus_paszpart_dakumenty_zyccjo_2023_fota_novy_czas__2__1_logo.jpg


Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь распрацаваў парадак дазволу на выезд за мяжу на сталае пражываньне. Адпаведная пастанова ад 20 лістапада зьявілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Паўналетні грамадзянін цяпер мусіць падаць адпаведную заяву пра жаданьне выехаць і неабходныя дакумэнты ў адзьдзел грамадзянства і міграцыі. Заяву і дакумэнты ад імя непаўналетніх падае законны прадстаўнік.

Глядзіце таксама

Чыноўнікі ў 3-дзённы тэрмін пасьля атрыманьня дакумэнтаў адправяць неабходныя запыты наконт магчымых запазычанасьцяў. Сярод іх:

  • аб выкананьні падатковых абавязаньняў;
  • аб спыненьні дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка;
  • аб наяўнасьці згоды вайсковага камісарыяту (у дачыненьні да прызыўнікоў і грамадзян ва ўзросьце 18-27 гадоў, якія знаходзяцца ў запасе);
  • аб выкананьні алімэнтных абавязаньняў;
  • аб зьвестках пра кампэнсацыю расходаў, якія дзяржава панесла на ўтрыманьне дзяцей (у дачыненьні да абавязаных асобаў).

Акрамя таго, чыноўнікі правераць, ці няма ў заяўніка абмежаваньняў на выезд, ці ёсьць ён у банку правапарушэньняў.

Дзяржаўныя органы будуць мець 20 дзён на выкананьне запытаў.

Рашэньне па заяве аб выезьдзе прымуць не пазьней за 15 дзён з дня атрыманьня інфармацыі аб выніках праверак. У дзень прыняцьця рашэньня яшчэ раз правераць наяўнасьць абмежаваньняў на выезд і прысутнасьць грамадзяніна ў банку гэтых правапарушэньняў.

У выпадку згоды ў пашпарт паставяць адзнаку аб дазволе на афармленьне выезду за мяжу для сталага пражываньня.

Пра рашэньне заяўніку паведамяць на працягу трох дзён пасьля яго прыняцьця.