Улады запланавалі малітву «За Беларусь!». Ад цэркваў патрабуюць «шырокага прыцягнення вернікаў»

На афіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі дзеючыя ўлады запланавалі правядзенне малітвы «За Беларусь!». Пры гэтым яны заклікаюць рэлігійныя арганізацыі краіны дапамагчы з арганізацыяй набажэнства, піша «Белсат».

Праваслаўнае набажэнства. Фота: АВ / «Белсат»

Праваслаўнае набажэнства. Фота: АВ / «Белсат»


Гэтак, у лісце кіраўніку Мінска-Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі Казіміру Велікасельцу адзначаецца, што рэспубліканскі план мерапрыемстваў правядзення ў 2021 годзе Года народнага адзінства, зацверджаны пастановай Савета міністраў ад 2 лютага № 64, прадугледжвае правядзенне ўсебеларускай малітвы «За Беларусь!» з удзелам асноўных канфесій.
«Просім Вас, Ваша Эксцэленцыя, арганізаваць 3 ліпеня 2021 г. ва ўсіх касцёлах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ранішняе набажэнства з шырокім прыцягненнем вернікаў у памяць аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прысвечанае Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дню Рэспублікі)», — піша ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак.


Пра арганізацыю малітвы 13 чэрвеня паведаміў тэлеграм-канал «Ник и Майк». Паводле апублікаванага ім ліста Румака, ініцыятарам акцыі з’яўляецца адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Такую малітву прапануюць правесці не толькі каталікам, але таксама і праваслаўным, юдэям і мусульманам «у мэтах найбольш шырокага ўключэння грамадзян, эфектыўнасці з пункту гледжання і ўспрымання правядзення акцыі».
Запланавана шырокае прыцягненне не толькі вернікаў, але і «прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскасці, культуры і мастацтва».

Не толькі каталікі

Міжканфесійная група Каардынацыйнай рады «Хрысціянская візія», у сваю чаргу, адзначае, што мітрапаліт Веньямін ужо распарадзіўся правесці «ва ўсіх святынях і манастырах Беларускай праваслаўнай царквы» малітву 3 ліпеня пасля набажэнства або ў 11:00.
Пры гэтым застаецца незразумелым, як плануецца арганізаваць масавасць падчас набажэнстваў 3 ліпеня, піша «Хрысціянская візія». Асабліва з улікам таго, што 3 ліпеня — гэта субота, якая не з’яўляецца асноўным літургічным днём для большасці канфесій Беларусі, дадае «Rerum Novarum».

Малітва пройдзе не паводле плану ўлад?

«Хрысціянская візія» таксама прапануе тым, хто будзе вымушаны ўдзельнічаць у афіцыйнай малітве 3 ліпеня выкарыстоўваць белыя ці бел-чырвона-белыя строі, выконваць гімн «Магутны Божа». Таксама святарам прапануецца ўжываць уласныя тэксты з асуджэннем гвалту, малітвамі за палітвязняў і гэтак далей.
«Калі будзе такая магчымасць, то просім дадаць у агульную малітву вернікаў падчас любой святой імшы 3 ліпеня заклік пра еднасць і супакой у нашай краіне, а таксама заклік пра тое, каб рашэнні, якія прымаюцца сёння, у ХХІ стагоддзі, не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагоддзі», — цытуе Catholic.by натарыуса Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндза Рамана Страшко.