Уладзімер Арлоў: Незалежнасць — гэта...

27 ліпеня 1990 г была прынятая дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. З гэтай нагоды публікуем знакамітае эсэ Уладзіміра Арлова, напісанае за паўгоду да тых падзеяў.



arlou.jpg

Незалежнасць — гэта калі ты з'явішся на свет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсць аднаразовыя шпрыцы і пялюшкі.
Незалежнасць — гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а не выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і не будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам — не можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).
Незалежнасць — гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, — на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, — на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, — на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме не трэба будзе ўсё лета збіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта не думалі, бо выраслі пры інтэрнацыяналізме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару й два — сакратарцы, і першы вераснёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю класу не даведаешся, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі й ураду, у вас на ўсю класу толькі адзін лемантар і дзве «матэматыкі» на роднай мове.
Незалежнасць — гэта калі твая дружына не будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.
Незалежнасць — гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасць», і ты па-французку растлумачыш яму.
Незалежнасць — гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад ці вёску тваёй зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і прыбіраць тэрыторыю «вот от сюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да сваёй дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра — «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сне па-свойму, і выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі не будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкі рабіць табе «велосипед», і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.
Незалежнасць — гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве жыдом, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык з якой мэтаю.
Незалежнасць — гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі й ведаеш, што паставіш свечку й пакладзеш кветкі, а не станеш удзельнікам выпрабавання балончыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.
Незалежнасць — гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бітву, якая ўратавала твой народ ад смерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што растраляла твойго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.
Незалежнасць — гэта калі да цябе завітае спявак з Нью-Ёрку, і ты вып’еш з ім добрую чарку вішнёўкі, і пасля ветлівыя дзяцькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.
Незалежнасць — гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці пачуць, як твой прэзідэнт вучыць з экрану суайчыннікаў: «Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо твой прэзідэнт — чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.
Незалежнасць — гэта калі з тэлеперадач і газет раптам знікаюць лісты нястомна-таямнічых ветэранаў і вусьцішныя паведамленні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават ў начы не спяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Ісакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасць, каб учыніць сярод вас крывавую разню й пусціць пад адхон цягнік перабудовы.
Незалежнасць — гэта калі ніхто не страшыць цябе, што твой народ не зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо не мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галандцаў ці бельгійцаў, якія не маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.
Незалежнасць — гэта калі велізарныя фуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія фуры з надпісам «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.
Незалежнасць — гэта калі раптам высветліцца, што разумныя людзі ёсць і ў нас, і калі — крый Божа! — выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, не трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.
Незалежнасць — гэта калі на Божай пасцелі ведаеш, што пасля таго, як ты памяняеш гэты свет на лепшы, на месцы царквы ці касцёла, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, не выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басейн імя XVIII з'езду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косці, не знясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя таварыша Гарбачова або імя таварыша Лігачова.
Незалежнасць — гэта...
Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.
Я веру, што калі-небудзь так будзе.
Бо іначай проста не варта жыць.
Люты, 1990 г.

«Незалежнасьць тады лунала ў паветры»


Уладзімір Арлоў  згадвае, як ствараўся той твор.
«Я напісаў эсэ літаральна за нейкую гадзіну. Усё, што я выклаў на паперы, тады насілася ў паветры. Гэта быў зрэз думак і мараў тагачасных незалежнікаў. Гэтыя мары, безумоўна, шмат у чым былі наіўныя, але разам з тым і плённыя. Яны настройвалі тых людзей на адну хвалю.
Я памятаю, як я чытаў гэтае эсэ ў адной з перадач Беларускага тэлебачання і за кулісамі заплакалі жанчыны: рэдактарка, памочніца рэжысёра, дзяўчаты з грымёркі… І потым, калі я сышоў са студыі, адна з іх спыталася: «Няўжо ўсё гэта будзе?» І я так упэўнена сказаў: «Абавязкова будзе!»
Калі б яны згадалі той вечар і перачыталі тое эсэ сёння, то, можа, хтосці з іх сказаў бы: «Ну вось, падмануў нас Арлоў, прайшло цэлых 20 гадоў, а здзейснілася ўсё-такі не ўсё».
А я б адказаў, што прайшло толькі 20 гадоў і здзейснілася вельмі шмат з таго, пра што мы тады, можа быць, наіўна марылі. Калі перагарнуць гэтыя некалькі старонак, то хачу сказаць, што і свайго сына цяпер можна зарэгістраваць у ЗАГСе Рыгорам, я ведаю канкрэтны прыклад свайго сябра, у якога ў сына не Грыгорый, а Рыгор напісана і па-беларуску, і па-расійску ў пасведчанні аб нараджэнні. І хлопцы нашыя служаць не далей за памежны горад ці вёску, і не востраць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці Тбілісі… І тое, што пісалася, што «незалежнасць – гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып'еце кавы насупраць палацу Шонбрун», не выглядае фантастыкай сёння. І ў падручніках гісторыі напісана пра Грунвальдскую бітву, і нават 600-годдзе Грунвальда адзначалася на такім напалову дзяржаўным узроўні. Гэта таксама наша незалежнасць прымусіла ўлады гэта рабіць.
Безумоўна, што шмат чаго і не здзейснілася, але абавязкова здзейсніцца…
Для мяне 27 ліпеня не зусім свята. Беларусь не стала пасля Дэкларацыі пра суверэнітэт незалежнай дзяржавай. Яна заставалася ў складзе СССР. Толькі 25 жніўня 1991 году гэтая дэкларацыя набыла канстытуцыйны статус. Магла б быць нашым Днём незалежнасці дата 25 жніўня, мне гэтая ідэя імпануе, бо я ў гэты дзень нарадзіўся. Але ўсё-такі найгалоўнейшым нашым святам я лічу 25 сакавіка. Як раз тады, у 1918-м годзе, беларусы зноў сталі народам дзяржаўным. І без 25 сакавіка 1918 году не было б ні 1 студзеня 1919 году, ні 27 ліпеня 1990-га, ні 25 жніўня 1991 году. Дарэчы, маё эсэ было напісанае якраз у лютым 1990 году для адмысловага нумару газеты "Свабода", прысвечанага Дню Волі. І нарэшце нагадаю апошнія радкі майго эсэ:
«Незалежнасьць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста не варта жыць».
Тое эсэ —  гэта, безумоўна, дакумент свайго часу. Ён таму часу належыць, і цяпер я нічога б не дадаваў у гэтае эсэ. Я час ад часу яго перачытваю ў сувязі са шматлікімі перакладамі, дарэчы, апошні пераклад быў зроблены на чачэнскую мову светлай памяці Зелімханам Яндарбіевым. Думаю, што прыйдзе той момант, калі народзіцца новае эсэ на гэтую тэму. Але яно будзе зусім іншым. У ім будуць думкі, мары нас, пасталелых на 20 гадоў. Тых, хто прайшоў гэты шлях, хто зразумеў, якім доўгім ён можа быць, якім пакручастым, але гэта шлях, па якім мы ідзем».
svaboda.org