Уладзімір Някляеў пра справу СБП: І хоць бы хто голас падаў
Маўчаць, як рыбы аб лёд...
У Вярхоўным судзе адбылося апытанне па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі «Саюза беларускіх пісьменнікаў». Былі выслуханы тлумачэнні і аргументы бакоў і запытаная дадатковая інфармацыя па справе.
Па выніках апытання дата судовага пасяджэння не была прызначана. Пытанне будзе вырашана пасля прадастаўлення бакамі запытаных дадатковых дакументаў, паведаміў сакратарыят «Саюза беларускіх пісьменнікаў».
Многіх гэтая навіна абнадзеіла, аднак паэт Уладзімір Някляеў захоўвае скепсіс.
— Паколькі ад іх патрабавалі дакументы, якіх яны не маглі прадаставіць па той простай прычыне, што офіс апламбаваны і яны не могуць туды патрапіць. Па гэтай прычыне гэтае пытанне адкладзенае. Шмат хто ўспрыняў гэта як факт, які абнадзейвае, але мяне ён не абнадзейвае, бо я ведаю сістэму, я ведаю гэтых людзей і не бачу ў іх свядомасці прычыны, па якой з гэтага ланцуга знішчэння можна некага вылучыць і не знішчаць. Я слаба сабе ўяўляю, што Вярхоўны суд можа адмовіць у позве Міністэрства юстыцыі.
Някляеў звяртае ўвагу на маўчанне ў гэтай сітуацыі іншай, праўладнай, літаратарскай арганізацыі — «Саюза пісьменнікаў Беларусі».
— І хоць бы хто голас падаў! Я ўжо не кажу пра міліцыянта Чаргінца, ёсць там пару паэтаў някепскіх і пару празаікаў, але ніхто — маўчаць, як рыбы аб лёд.
Як паведамлялася, Вярхоўным судом заведзеная грамадзянская справа па ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў». СБП — самая сталая творчая арганізацыя Беларусі (свой адлік яна вядзе з 1934 г.). Да дзейнасці «Саюза беларускіх пісьменнікаў» спрычыніліся такія яго сябры, як Купала, Колас, Танк, Куляшоў, Панчанка, Мележ, Караткевіч, Адамовіч, Быкаў, Шамякін, Барадулін, Гілевіч ды многія іншыя творцы. Цяпер у СБП уваходзіць больш за 450 сяброў.