Уладзімір Андрэйчанка пяты месяц адмаўляецца ад сустрэчы з грамадзянамі

Пра гэта распавяла карэспандэнту “НЧ” лідар Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, юрыстка Тамара Сяргей. Паводле яе слоў, актывісты ініцыятывы з пачатку студзеня імкнуцца сустрэцца з спікерам ніжняй палаты беларускага парламенту Уладзімірам Андрэйчанка дзеля вырашэння праблемы адпісак з дзяржаўных структур на звароты грамадзян.  



58b4095fb5335282cc3fde57c643da381.jpg

Юрыст Тамара Сяргей

“Але ўсе нашыя спробы сустрэцца з спікерам закончыліся безвынікова. Прычым на апошнюю калектыўную заяву 28 грамадзян з розных рэгіёнаў краіны аб прыёме ў спадара Андрэйчанкі мы не атрымалі аніякага адказу. А старшыня парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальным адносінам і СМІ Андрэй Наумовіч пісьмова паведаміў, што з намі прыпынена перапіска. Пры гэтым дэпутат Андрэйчанка нават адмовіўся выслухаць заяўнікоў”, — сказала юрыстка.

Паводле яе слоў, раніцай 6 траўня 13 актывістаў ініцыятывы з розных рэгіёнаў краіны прыйшлі на асабісты прыём да Уладзіміра Андрэйчанкі, але невядомыя людзі ў цывільным нават не дапусцілі грамадзян да Дому ўраду.

“Усіх нас сабралі каля будынку Беларускага дзяржаўнага педадагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка і трымалі пад наглядам прадстаўнікоў праваахоўных структур. Праз 10 хвілін пасля нашага збору з’явіўся начальнік аддзела па зваротам грамадзянаў і юрыдычных асоб сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Віктар Сазон. Яму было заяўлена, што калі праз 30 хвілін ён не прыйдзе зноў і не скажа, калі нас будзе прымаць Андрэйчанка, грамадзяне самі пойдуць у Дом ураду. За 5 хвілін да сканчэння прызначанага часу замест Сазона з’явіўся супрацоўнік упраўлення ўнутраных спраў Маскоўскага раёна сталіцы Аляксандр Давідзюк, каторы прапанаваў нам пакінуць плошчу Незалежнасці, у адваротным выпадку мы будзем затрыманыя з пазбаўленнем волі. У пацвярджэнне ягоных слоў пад’ехаў мінівэн і вакол нас сабралася каля 10 невядомых у цывільным. Але грамадзяне не спужаліся і настойвалі на тым, каб прыйшоў Сазон і адказаў на нашыя пытанні. Чыноўнік вымушаны быў прыйсці і паведаміў, што Уладзімір Андрэйчанка адмаўляецца ад сустрэчы таму, што з намі прыпынена перапіска. Улічваючы, што большасць тых, хто сабраўся каля Дому ўраду, — жанчыны пенсійнага ўзросту, мы на гэты раз вырашымі не прарывацца да Дому ўраду і пакінулі плошчу Незалежнасці”, — адзначыла Тамара Сяргей.

Яна лічыць, што адмова спікера парламента Андрэйчанкі сустракацца з патэнцыйнымі выбаршчыкамі ставіць пад сумнеў легітымнасць Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.