Упершыню ў гісторыі: беларускі МАЗ перамог на этапе сусветнай ралі «Дакар»

Капотны МАЗ перамог на другім этапе ралі-рэйду «Дакар-2020» — гэта легендарны марафон, які праводзяць 41 год запар. Цяпер беларускі экіпаж ўпершыню ў гісторыі сусветнага ралі-рэйду лідзіруе ў агульным заліку грузавікоў, піша TUT.by.

content_05120003_gdn0040_4800_3200_rgb.jpg

Да ведама: ралі-рэйд «Дакар-2020» стартаваў 5 студзеня ў Джедда і завершыцца 17 студзеня ў Кіддыі. Працягласць маршруту складае каля васьмі тысяч кіламетраў, прычым на спецучасткі прыпадаюць рэкордныя пяць тысяч кіламетраў. У гонцы бяруць удзел больш за 350 экіпажаў з усяго свету, з іх каля 50 спаборнічаюць у класе грузавікоў.


Другі этап прывёў гоншчыкаў ў тэхнагорад Неом на паўночным захадзе Саудаўскай Аравіі. Працягласць спецучастка склала 367 км. У адрозненне ад першага заезду, які стаў выпрабаваннем для пілотаў, на гэты раз праверку прайшлі штурманы. Прытрымлівацца маршруту аказалася няпроста, і многія экіпажы гублялі на гэтым час.
Беларускі штурман Павел Гаранін таксама дапускаў памылкі, але ўсё ж вывеў капотны МАЗ на першае месца. Следам прыехалі расійскія экіпажы Дзмітрыя Сотнікава і Андрэя Каргінава. Беларусы занялі першы радок і ў «абсалюце». Цяпер яны маюць у запасе звыш чатырох хвілін ад бліжэйшага пераследніка.
Такім чынам, экіпаж беларускай каманды «МАЗ-СПОРТаўта» на чале з Сяргеем Вязовічам заняў першае месца на другім этапе гонак. Два іншых экіпажа ад Беларусі прайшлі этап менш паспяхова. Аляксей Вішнеўскі заняў 18-е месца, Аляксандр Васілеўскі - 20-е. У абодвух «каміонаў» — амаль гадзіннае адставанне ад пераможцы. У генеральнай класіфікацыі яны знаходзяцца на 12-й і 13-й пазіцыі.
Трэці спецучастак будзе колавы і пройдзе ў ваколіцах горада Неом. Баявымі будуць 427 кіламетраў па камянях і пясках. Гоншчыкі праедуць каньёны і горы, а заадно паднімуцца на найвышэйшую кропку бягучага «Дакара» — 1400 метраў над узроўнем мора.
Паводле kyky.org