Урад аддаў «Дзень вышыванкі» БРСМу

На гэтым тыдні Савет міністраў пастановай № 51 зацвердзіў план мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года культуры. Да дакумента, апублікаванага на сайце ўрада, прыкладаецца пералік гэтых мерапрыемстваў, сярод якіх ёсць і «Дзень вышыванкі». Ён павінен быць арганізаваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі (БРСМ) сумесна з Мінгарвыканкамам і Міністэрствам культуры ў ліпені гэтага года.



vyshivanka.jpg

Справа ў тым, што фестываль нацыянальнай культуры «Дзень вышыванкі» ўжо існуе. Распрацоўшчыкам канцэпцыі і фармату гэтага фестывалю з’яўляецца Мікіта Броўка, каардынатар «Арт Сядзібы» — некамерцыйнай арганізацыі, якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры. Першыя два «Дні вышыванкі» з поспехам прайшлі ў кастрычніку і снежні 2014 года ў Мінску менавіта пад эгідай «Арт Сядзібы» і Асамблеі НДА.

У гутарцы з БелаПАН Броўка заявіў, што ніхто з дзяржаўных органаў або рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў не звяртаўся да актывістаў «Арт Сядзібы» як да ініцыятараў «Дня вышыванкі» ў Беларусі з прапановай разам правесці гэтае мерапрыемства.

«У прынцыпе, раней БРСМ ужо выкарыстоўваў нашу ідэю з раздачай стужачак з беларускім арнаментам, — сказаў Броўка. — Але ў іх не было такога размаху, як у нас, дый акцыя іх праходзіла пад іншай назвай і была ў межах прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі».

Каардынатара «Арт Сядзібы», паводле яго слоў, не здзіўляе, што дзяржава вырашыла выкарыстоўваць гэтую назву для свайго свята: «Наколькі мне вядома, у Адміністрацыі прэзідэнта лічаць, што гэта мы запазычылі ў іх ідэю з вышыванкамі, бо арнамент ёсць і на дзяржаўным сцягу. Акрамя таго, Лукашэнка неяк з’яўляўся ў вышыванцы. Але першапачаткова гэта была мая ідэя — правесці фестываль менавіта ў такім фармаце і пад такой назвай».

Паводле слоў Броўкі, з аднаго боку добра, што дзяржава следам за грамадскімі актывістамі «робіць ухіл на развіццё ўсяго беларускага». З іншага боку, сказаў ён, калі дзяржава «праводзіць мерапрыемства, выкарыстоўваючы ідэю, фармат і назву, упершыню ўжытае «Арт Сядзiбай», то было б справядліва, калі б яна прапанавала партнёрства».

«Арт Сядзiба» планавала сёлета правесці чарговы фестываль пад назвай «Дзень вышыванкі». Мяняць гэтую назву з-за намераў дзяржавы правесці аднайменнае мерапрыемства грамадскія актывісты не збіраюцца. «Усё ж такі гэта мы ўпершыню ў Беларусі правялі фестываль нацыянальнай культуры пад такой назвай», — заявіў Броўка.

Атрымаць каментар прэс-службы БРСМ адносна таго, ці збіраецца гэтае маладзёжнае аб'яднанне прапанаваць «Арт Сядзiбе» партнёрства для правядзення «Дня вышыванкі», а таксама ў якім фармаце пройдзе гэтае свята, БелаПАН пакуль не ўдалося.