Усаў: «Сацыялагічныя дасьледаваньні» ствараюць з беларусаў канфармістаў, арыентаваных на Расею
«Ці не будуць такія апытанкі, якія цяжка аб'ектыўна ацаніць, бо рэальна правесьці іх немагчыма, выкарыстаны супраць беларусаў у інфармацыйнай вайне, якую вядуць супраць нас?» — разважае палітолаг Павел Усаў.
Што нам паказваюць «сацыялагічныя дасьледаваньні»? Адну простую рэч. Сьвядомасьць беларускага грамадства — самая нязьменная рэч у сусьвеце.
Яна, «свядомасьць», як была ў нейкім замарожаным стане 20 год таму, так і засталася. Асабліва, калі гаворка вядзецца пра палітыка-культурныя каштоўнасьці: мова, дзяржава, геапалітычны выбар.
Ні падзеі 2020 году, ні маштабныя разгорнутыя рэпрэсіі 2020-2024 гадоў, ні вайна 2022-2024 гадоў ніяк не кранаюць большасьці беларусаў. Ёсьць моцны псіхалагічны мур, фільтр, які не дазваляе такім моцным гістарычным падзеям уплываць на працэсы мысьленьня.
Як можна пабачыць, беларусы ўсьцяж і мову расейскую як дзяржаўную хочуць, і саюз з Расеяй, і кіраўніка моцнага.
Цікавы яшчэ такі парадокс (паводле апытаньняў), большасьць беларусаў лічаць сябе прыхільнікамі дэмакратыі, але разам з тым хочуць быць у саюзе з Расеяй, ці адначасова ў саюзе з ЕС і Расеяй. То-бок, пабачыўшы вайну, жудасны тэрор, які Масква сее ва Украіне, беларусы ўсьцяж прывязваюць свае арыентыры, у тым ліку палітычныя (дэмакратыю, свабоду, незалежнасьць), да Расеі? Магчыма, большасьць грамадзян проста ігнаруе вайну? Яе для беларусаў не існуе? (Ці такое магчыма?)
Якія можна зрабіць з гэтых «дасьледаваньняў» высновы?
1. Беларусы збольшага нічога не хочуць;
2. Агульная сітуацыя, якая склалася ў краіне, большасьць задавальняе;
3. У 2020 годзе большасьць не хацела перамен, а хацела новага, мадэрнізаванага Лукашэнку, які б захаваў усё як ёсьць, ну можа «так як у Маскве» і жадаюць такога зараз, ды і не супраць старога;
4. Грамадская думка і сьветапогляд не зьмяняюцца і цалкам ізаляваныя ад зьнешніх уплываў і падзей. Геапалітычныя землятрусы ніяк не ўплываюць на індывідуальныя і грамадскія арыентыры. Такі ледавіты перыяд працягласьцю ў 30 год.
Ну і самае галоўнае, калі карціна беларускага свьету выглядае менавіта так, то дзейнасьць усіх «дэмструктур», кабінетаў, офісаў проста неэфектыўная, бо ніяк не ўплывае на фундаментальныя каштоўнасьці беларусаў і іх каштоўнасьці. Яны, беларусы, застаюцца ў палоне «расейскага міру».
Тады ўзьнікае іншая сэнсоўная выснова, якую зробіць любы заходні палітык. Калі вынік «апытаньняў» за подпісам Chatham House менавіта такі, то навошта ўкладацца ў нейкія неэфектыўныя структуры, СМІ і г.д., калі сярэднястатыстычны беларус жадае моцнага дзяржаўніка-папуліста, які будзе размаўляць на панятнам языке і далей інтэгравацца з Расеяй. Ці ў такім выпадку не лепей было б ізноў неяк перагрузіць адносіны з Лукшэнкам і перагарнуць старонку. Магчыма, і падыходы літоўцаў маюць рацыю? Навошта дапамагаць беларусам, калі яны ўсьцяж глядзяць на Маскву?
У сваю чаргу, калі апісаць праўдзівую карціну сьвету ў Беларусі немагчыма, то навошта ствараць фіктыўныя канструкцыі, спекуляваць. Бо нават калі нехта ставіцца да вынікаў «дасьледаваньняў» скептычна, пры дапамозе СМІ, «аналітыкаў», «экспертаў» фарміруюцца патрэбнае ўражаньне і эфект. Беларусы не хочуць грунтоўных перамен, іх збольшага ўсё задавальняе. Ці не будуць такія апытанкі, якія цяжка аб'ектыўна ацаніць, бо рэальна правесьці іх немагчыма, (проста дзеля цікавасьці) выкарыстаны супраць беларусаў у інфармацыйнай вайне, якую вядуць супраць нас? Якая карысьць, якая мэта такой «псеўданавуковай» дзейнасьці?
1. Даецца дадатковы інструмент для маніпуляцый і інфармацыйнага ўплыву не на карысьць беларусаў. Стварэньне з беларусаў канфармістаў, арыентаваных на Расею;
2. Моцная дэматывацыя ўдзельнікаў дэмакратычнага руху (навошта ахвяры, дапамога, дзейнасьць, калі беларусы такія «беларусы», не лепей жыць для сябе і сабой займацца, ну іх усіх);
3. Для самога грамадства ствараецца карціна, што ўнутры краіны нічога не зьмяняецца, тады значна лепш, больш бясьпечна проста ўбудавацца ў новую рэчаіснасьць, зьмірыцца зь ей і працаваць на сістэму дзеля сваіх дзяцей.