«Усе справы сфабрыкаваныя!» Кіроўцу Ціханоўскага Аляксандра Арановіча асудзілі на шэсць гадоў калоніі

У судзе Ленінскага раёна Гродна 27 красавіка агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць 38-гадовага кіроўцы аўтадома «Страна для жизни» са Старых Дарог Аляксандра Арановіча.

aranovich_viasna_18.jpg

Суддзя Алена Пятрова палічыла віну палітвязня ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК, даказанай і пакарала Арановіча шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Менавіта такі тэрмін запрасіў для абвінавачанага пракурор Дзяніс Корда, адзначае «Вясна».

Да агалошвання рашэння Аляксандр Арановіч выступіў з апошнім словам. Сярод іншага ён адзначыў:

«Усе справы сфабрыкаваныя, абараніцца не далі. Усе зацікаўленыя, каб мяне асудзіць і пасадзіць!»

Нагадаем, Аляксандра Арановіча абвінавачвалі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак у Гродне 29 траўня (ч. 1 арт. 342 КК). Таксама яго абвінавачвалі ў захоўванні на гарышчы дома ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі (ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК — «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Мужчыну затрымалі 29 траўня мінулага года. У СІЗА яго ўжо паставілі на прафілактычны ўлік.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Аляксандра Арановіча палітычным вязнем.