Наймаладзейшая дэпутатка Мінгарсавета падтрымала пратэст і з'ехала з краіны

Вольга Цесакова да гэтага часу застаецца дэпутаткай. На сесіі Мінскага гарсавета яна перастала хадзіць яшчэ ўвесну 2021 году, але дагэтуль яе не пазбавілі мандата.

02490000_0aff_0242_ccce_08dacc9cef3d_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.webp

Дэпутатка Вольга Цесакова расказала ў размове са «Свабодай» аб прычынах ад’езду і камунікацыі з калегамі пасьля жніўня 2020 году.

У студзені 2018 году культарганізатар інтэрнатаў студэнцкага гарадку БДУ Вольга Цесакова стала наймаладзейшай дэпутаткай Менгарсавету, ёй тады было 23 гады. У жніўні 2020 году дзяўчына ўжо выходзіла на акцыі пратэсту з плякатам «Дэпутаты супраць гвалту». Яна спрабавала скласьці зь сябе паўнамоцтвы дэпутата, але зрабіць гэта ёй так і не далі.

«Свабода» пацікавілася ў Вольгі Цесаковай, як склалася яе жыцьцё ў апошнія гады.

«Мая актыўнасьць скончылася летам 2021 году»

У лютым 2021 году дэпутатка прымала ўдзел у працы Ўсебеларускага народнага сходу. Яна мяркуе, што тая падзея стала вызначальнай для далейшага жыцьця краіны. Бо менавіта на УНС прагучалі такія праграмныя моманты, як узмацненьне сілавога блёку, разьвіцьцё адносінаў з Расеяй, а таксама зьніжэньне супрацоўніцтва з краінамі Захаду.

«Магчыма, мы тады гэтаму не надалі шмат увагі, хаця нас паставілі перад фактам, што будзе адбывацца далей», — кажа Вольга.

На Сходзе быў агучаны намер працягнуць дэпутатам мясцовых саветаў паўнамоцтвы на паўтара года, каб выбары адбыліся адначасова з парлямэнцкімі. Увосень гэтае рашэньне юрыдычна аформілі. Сама Вольга кажа, што плянавала ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасьці памочніцы аднаго з кандыдатаў.

«Я лічыла, што магу быць карыснай сваім досьведам і працягваць заставацца ў тэме мясцовага самакіраваньня. Летам 2021 году грамадзкая актыўнасьць для мяне фактычна скончылася, калі зьліквідавалі НДА, зь якімі я супрацоўнічала. Быў выпадак, што мы арганізавалі лекцыю ў бібліятэцы аб разьдзельным зборы сьмецьця. Ніякай пратэставай актыўнасьці. Але як толькі я дала абвестку ў тэлеграм-канале, то сустрэчу скасавалі цягам гадзіны, а ў бібліятэцы сказалі, што ў іх усё расьпісана на некалькі месяцаў. У нейкі момант я стамілася біцца ў сьценку», — кажа Вольга.

«Цягам году тройчы мяняла месца жыхарства»

034d0000_0aff_0242_c9f0_08dacc9cef39_cx0_cy54_cw100_w650_r1_s.jpg

На сэсіі Менскага гарсавету Цесакова перастала хадзіць яшчэ ўвесну 2021 году, але дагэтуль яе не пазбавілі мандату.

«Усіх, мабыць, усё задавальняе. Я хацела, каб у маёй акрузе прайшлі перавыбары, але адказвалі, што гэта немэтазгодна. Такая вось кліентаарыентаваная ў нас сыстэма», — кажа дэпутатка.

Зь Беларусі Вольга выехала пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, а таксама рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыі. Спачатку ў Грузію, хоць разглядала гэта хутчэй як адпачынак. Апошнія чатыры месяцы яна жыве ў Варшаве. Ці адчувала дэпутатка небясьпеку ў Беларусі?

«Да ўсяго прывыкаеш. Я ня ведаю нават, як адказаць на гэтае пытаньне. Жыцьцё ж працягвалася, ніхто не адмяняў маю працу, нейкія сямейныя справы. Натуральна, цалкам адчуваць бясьпеку немагчыма. Цягам году я тройчы мяняла месца жыхарства, бачыла ля пад’езду нейкіх «ціхароў» пасьля рэфэрэндуму. Магчыма, гэта мая параноя, але я ведаю, што за мной прыглядалі. І цяпер ад розных людзей перадаюць „прывет“, кажуць, што памятаюць».


«На Ўсебеларускім народным сходзе мяне пасадзілі побач з Барсуковым»

Вольга расказвае, што падчас УНС яе пасадзілі побач з памочнікам Лукашэнкі ў Менску, былым намесьнікам міністра ўнутраных справаў Аляксандрам Барсуковым.

«Магчыма, хацелі мяне перавыхаваць. Ён мне паабяцаў паказаць відэа з Акрэсьціна, калі ён там быў у жніўні, маўляў, там нікога ня білі. Гэта былі такія размовы не пра палітычныя тэмы. Былі жартачкі, што я гэтым займаюся, бо асабістае жыцьцё сумнае, трэба мне мужа тэрмінова знайсьці».

Вольга кажа, што нэгатыў у яе адрас ішоў і ад калегаў па гарадзкім савеце, якія напружваліся ад таго, што ім неабходна адказваць на шматлікія запыты, неяк варушыцца. Яна была на сустрэчы са сьпікеркай Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай, дзе падняла тэму слабай інфармаванасьці дэпутатаў пра падзеі і захады.

«Калі абмяркоўваўся праект Канстытуцыі, то праходзілі дыскусійныя панэлі ў пытаньнях моладзевай палітыкі. Трапіць з вуліцы туды было немагчыма, але і дэпутату таксама нельга было. Сярэдні ўзрост людзей, што абмяркоўвалі тэму, быў 55+ гадоў. Але маё кіраўніцтва сказала, што такога няма. Калі штораз цябе прылюдна выстаўляюць дурніцай, то маральна гэта няпроста».

У Польшчы Цесакова спачатку разьвязала самыя асноўныя бытавыя пытаньні. Цяпер ужо паціху вяртаецца да грамадзкай дзейнасьці, вядзе ананімна невялікі тэлеграм-канал, у якім аналізуюцца дзейнасьць чыноўнікаў і дзяржаўных СМІ. Таксама Вольга ўваходзіць у рабочую групу праекту «Новай Канстытуцыі», якую ўзначальвае Анатоль Лябедзька.

На думку Цесаковай, апазыцыя сёньня ня так шмат увагі надае непасрэдным праблемам людзей, што знаходзяцца ў Беларусі. Яна кажа, што самі людзі ўсё часьцей пераходзяць на дзяржаўныя СМІ як асноўны сродак атрыманьня інфармацыі.