Ва ўзбуджэнні справы за катаванні адмоўлена

Цэнтральны (Мінска) райаддзел Следчага камітэту Беларусі адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу па факце катаванняў міліцыянтамі Цэнтральнага РАУС затрыманых удзельнікаў акцыі 25 сакавіка.

Ілюстрацыйны малюнак

Ілюстрацыйны малюнак

Следчы камітэт не знайшоў у дзеяннях міліцыянтаў складу злачынства. Адпаведны адказ з райаддзелу за подпісам следчага А.Кандратовіча атрымаў адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, паведамляе bchd.info.
У Следчы камітэт звярнуліся 10 чалавек, якія засведчылі факты недапушчальнага, здзеклівага і маючага прыкметы катаванняў стаўлення да іх і іншых затрыманых 25 сакавіка з боку супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС. Падчас падрыхтоўкі скаргі пры дапамозе праваабарончага цэнтру "Вясна” былі сабраныя сведчанні пра тое, што людзей шэсць гадзін трымалі пад снегам і дажджом на вуліцы, не давалі піць, не пускалі ў прыбіральню, увесь час трымалі на расцяжцы, ужывалі спецсродкі. У сувязі з гэтым у дачыненні да вінаватых прасілі ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).

Забарона патрапіць у прыбіральню — новы від катаванняў?


"Упэўніваючых звестак, якія пацвярджаюць выкарыстанне нецэнзурнай лаянкі, абраз, катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, а таксама прымяненне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС г.Мінска, у прыватнасці Находкам В.Т. у дачыненні да затрыманых не выяўлена. Па выніках праведзенай праверкі, дастатковых аб'ектыўных дадзеных, якія паказваюць, што супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС г.Мінска, наўмысна, насуперак інтарэсам службы, з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці злоўжылі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, а таксама неналежным чынам выканалі свае службовыя абавязкі з прычыны нядобрасумленнага або нядбайнага стаўлення да службы не знайшлі свайго пацверджання”, — гаворыцца ў адказе са Следчага камітэту.
"Канечне, такія высновы следчых не з’яўляюцца для нас нечаканасцю. Відавочна, што сапраўдная праверка не праводзілася. Райаддзел СК знаходзіцца ў адным будынку з РАУС, што можа сведчыць, што ўсе там адзін аднаго ведаюць і прыкрываюць. Але мы не збіраемся спыняцца. Хутка будзе падрыхтаваная скарга ў райаддзел Следчага камітэту, каб яны ўзнавалі следства. Бо бяздзейнасць да у дачыненні да тых, хто чыніць здзекі з затрыманых, будзе патураць такім дзеянням і надалей. Краіна павінна ведаць прозвішчы тых, хто чыніў здзекі, як, напрыклад, Находка. Таму мы рыхтуем дакументы ў суд, каб праз яго зноў засведчыць усе факты катаванняў у дачыненні да затрыманых 25 сакавіка”, — заявіў Дзяніс Садоўскі.